Давай з табой, Шаталава, закурым
па тонкай віртуальнай цыгарэце,
пакуль маніякальнай моцы бура
не абудзіла хвалі ў соннай Леце.

Давай з табой, Шаталава, убачым,
як зоркі ападаюць жалудамі
ў асенні змрок, спрабуючы на ўдачу
не перашкодзіць віруснай рэкламе.

Давай з табой, Шаталава, пачуем
дажджоў тэрарыстычных шматгалоссе.
Ты ведаеш, я так даўно крычу ім
з надзеяй, што яны адпусцяць восень.

Давай з табой, Шаталава, не станем
хаваць дурман антонавак салодкіх,
як нехта прыхаваў сваё каханне
на борце атамнай падводнай лодкі.

Давай з табой, Шаталава, закружым
пад тое, што спявае Джарэд Лета,
пакуль не заржавелі ў садзе ружы,
а ў шахтах ціха спяць сабе ракеты

* * *

Сяргей Балахонаў — пісьменнік, настаўнік гісторык, жыве ў Гомелі. Выйшла ягоная кніга «Імя грушы». Аўтар постмадэрнісцкай прозы і лірычных вершаў. Пераклаў на беларускую песню «Чароўны трусік». Вядзе блог balachon.livejournal.com. Загаловак ад Рэдакцыі. Загаловак аўтара: «30 секунд да Снікерса»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?