Як паведамляе панядзелкавы нумар варшаўскага штодзённіка «Metro» , Германія як ніколі разлічвае на працаўнікоў з Польшчы. У Цюрынгіі, напрыклад, іх чакаюць бесплатныя моўныя курсы і аплачваная практыка, а ў нямецкім міністэрстве гаспадаркі ўжо выказваюцца за ўвядзенне «пад’ёмных» для адмыслоўцаў-імігранітаў. Сёння лакаматыву еўрапейскай эканомікі бракуе 36 тыс. інжынераў і 28 тыс. інфарматыкаў, яшчэ большае запатрабаванне ў некваліфікаванай працоўнай сіле — прыбіральшчыках, нянях, апекунах для старых.

Банальнае параўнанне сярэдніх заробкаў у краінах, прапанаванае газетай, падказвае, што і налета плынь працаўнікоў не зменшыцца. Сантэхнік у Польшчы атрымлівае 2,5 тыс. злотых (900 даляраў) супраць 2,15 тыс. еўра ў Германіі, інжынер-будаўнік — 3 тыс. злотых супраць 3,4 тыс. еўра, бармэн — 1,65 тыс. злотых супраць 3,1 тыс. еўра адпаведна. Пакуль польскі «айцішнік» зарабляе нават па беларускіх мерках нядрэнныя 3 тыс. злотых, ягоны нямецкі калега робіць за гэты ж тэрмін у сярэднім 3,8 тыс. еўра.

Паводле прафесаркі Крыстыны Ігліцкай з Цэнтра міжнародных стасункаў, пакуль што большасць палякаў выязджае за мяжу менавіта на сезонныя працы. Але як толькі знікнуць фармальныя перашкоды для пастаннага побыту, шмат маладых людзей застанецца там. На фоне працэсу старэння нацыі у хуткім часе Польшча, гэтак жа сама як ужо зараз Нямеччына, будзе пакутваць на востры недахоп працоўных рук. Каб папоўніць дэфіцыт кадраў, зазначае К. Ігліцкая, Польшча мусіць найперш разлічваць на ўкраінцаў, беларусаў, а таксама в’етнамцаў і кітайцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?