Як паведамляе сайт Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, больш за ўсё вадаёмаў закрыта для купання ў Брэсцкай вобласці — дзевяць.

Гэта зоны адпачынку каля ракі Мухавец на пляжы «Цэнтральны» Брэста (левы і правы берагі ў раёне моста па бульвары Шаўчэнкі), каля вадасховішча Мышанка ў Баранавічах, вадасховішча Гаць Баранавіцкага раёна, ракі Чаква ў вёсцы Рубель Столінскага раёна, каля сажалкі Палонка ў Баранавіцкім раёне, каля вадасховішча Жабер Драгічынскага раёна, каля возера аграгарадка Хмелева Жабінкаўскага раёна, а таксама пляжы санаторыяў «Надзея» і «Буг». З 22 чэрвеня знятая забарона на купанне ў зоне адпачынку каля вадасховішча вёскі Ганькавічы Пінскага раёна. Гэтае рашэнне прынятае галоўным дзяржаўным санітарным лекарам Пінска і Пінскага раёна.

У Віцебскай вобласці закрытыя для адпачывальнікаў рэкрэацыйныя зоны каля азёр Гомель, Янава, Суя і Шчаты Полацкага раёна.

У Гомельскай вобласці забаронена выкарыстанне пляжа прадпрыемства «Уніком» каля ракі Дняпро ў Жлобіне і зоны адпачынку каля возера Святое ў Рагачоўскім раёне.

У Магілёўскай вобласці забаронена купанне ў рацэ Даўжанка каля вёскі Доўгае.

Купанне ў вадаёме забараняецца, калі санслужбы атрымліваюць двойчы пробы, якія не адпавядаюць нарматывам па хімічных або бактэрыялагічных паказчыках. У цёплае надвор’е забарону на купанне звычайна выносяць з-за нездавальняючай якасці вады па бактэрыялагічных паказчыках. Акрамя таго, бактэрыі заносяцца ў вадаём падчас масавага купання ў гарачае надвор’е. У тых вадаёмах, дзе вынесеная забарона на купанне, штотыднёва адбіраюць пробы вады. Калі вынік двойчы адпавядае нарматывам, вадаём адкрываюць.

Усяго ў Беларусі 567 афіцыйных пляжаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?