Як дзіўна ўсё ўладкавана. Мы пішам пра ўсякае важнае: пра надзеі на крэдыт МВФ, пра чарговы рост цэн, пра Лівію і самую маладую дзяржаву ў свеце Паўднёвы Судан. А ў Наваполацкай калоніі ў гэты час доўга, спакойна, метадычна, павольна фактычна забіваюць хлопца.

За два з невялікім месяцы ў калоніі — пяты раз штрафны ізалятар. Агулам ужо больш за месяц карцара.

Не забойца, не рэцыдывіст, не гвалтаўнік, не душыцель маленькіх дзяцей і старых бабуль.

Мікіта Ліхавід усяго толькі выйшаў 19 снежня пратэставаць супраць такой сістэмы, у якой людзі — лагерны пыл. У якой кожны заўтра можа апынуцца ў турме і з кожнага зможа здзекавацца які-небудзь «новы беларус» — гаспадар зоны.

ШІЗА (штрафны ізалятар) — гэта калі толькі раз на тыдзень выводзяць на шпацыр. Вы ўяўляеце, што такое сядзець у каменнай клетцы ў трыццаціградусную спёку!

ШІЗА — гэта калі нічога нельга, нават чытаць кнігі або газеты.

ШІЗА — гэта пастаянны голад.

ШІЗА — гэта катаванне. І пра гэта даўно кажуць праваабаронцы.

Больш за месяц катаванняў…

Ужо ў канцы мая ў час сустрэчы з сынам маці ўбачыла, што ад яго засталася палова. Тонкія, амаль дзіцячыя, ледзяныя рукі.
Яна ўвесь час расцірала гэтыя рукі, каб хоць крыху сагрэць. А ён супакойваў: «Мама, не хвалюйся, я дыхаю ў фортку».

Я ўпэўнена: Мікіта нават не можа расказаць нікому, што на самай справе перажыў за гэтыя два месяцы, бо ў добрых сыноў ёсць табу на скаргі; яно сфармулявана проста: «Мама, не хвалюйся…».

Жах у тым, што гэтымі карцарам яны альбо заб’юць хлопца, альбо пакалечаць.
У калоніі ён падаецца незаконна асуджаным і не падпісвае ніякія паперы. Ён устае на пад’ём, выходзіць на зарадку, але практыкаванняў не робіць, проста стаіць. Калі ў яго пытаюць — чаму? — Ён адказвае, што асуджаны незаконна, і што пакуль з яго не здымуць абвінавачванне, ніякіх распараджэнняў выконваць не будзе. Гэты бунт бачыць увесь атрад, і, напэўна, там шмат такіх, незаконна асуджаных. Каб прыклад не быў заразлівы, каб такім жа чынам іншыя ЗК не сталі дамагацца перагляду прысуду, Мікіту раз за разам адпраўляюць у ШІЗА. Дзесяць сутак карцара, пятнаццаць, пяць, дваццаць…

Калі б ён абвясціў галадоўку, калі б ён рэзаў сабе вены — гэта было б грандыёзнае НЗ, адміністрацыя калоніі пісала б тлумачальныя ва ўсе інстанцыі і наўрад ці апраўдалася б.

Але Мікіта абраў іншую форму бунту, па сутнасці — іншую форму самагубства.
І ўсё, што адбываецца, апынулася як бы ў рамках закона.

Самае страшнае, што мы ўсе разумеем: ніводны суд у нашай краіне не перагледзіць прысуд Мікіту Ліхавіду і іншым палітвязням. Бо кіраўніком дзяржавы было сказана: «Прысуды справядлівыя, палітвязняў у Беларусі няма». Нават калі Мікіту згнаяць у карцары, ні суддзя Наталля Пыкіна, ні пракурор Антон Загароўскі не прызнаюць, што на іх сумленні чалавечае жыццё. І начальнік наваполацкай калоніі Аляксандр Сівоха не прызнае. І начальнік гэтага начальніка… Хоць у глыбіні душы кожны з іх разумее, што гэты хлопец не злачынец, ён герой.

Афіцыёзныя ідэолагі зараз заўсёды будуць прайграваць ў барацьбе за розумы і сэрцы беларусаў, бо яны змагаюцца вось з такімі пацанамі
— худзенькім, вірлавокім, але нягнуткім ў сваім жаданні жыць у свабоднай і справядлівай краіне. А іх героі спачатку за вялікія грошы трэніруюцца разбіваць на сваёй галаве цэглу, а потым выходзяць на вуліцы і па трое-чацвёра кідаюцца на мірных людзей, атрымліваючы ад гэтага нейкае дзікае задавальненне.

Але менавіта таму, калі б у мяне была магчымасць сустрэцца з Мікітам Ліхавідам, то я б яго прасіла паберагчы сябе, рабіць гэтую праклятую зарадку. Бо каб нелюдзі не кіравалі балем, нармальным людзям трэба жыць, і пажадана — жыць доўга.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?