Князёўна Марыя Святаполк-Мірская завітае ў Мір. Па запрашэнні Міністэрства замежных спраў Беларусі яна прыме ўдзел у фестывалі «Памяці Мікалая Набокава».

Як адзначылі ў прэсавай службе, для ўдзелу ў фестывалі ў якасці ганаровых гасцей запрошаны таксама княгіня Ірэна Антуанэта Станіслава і яе дачка Алівія Фуртвэнглер з мужам. Усе яны з’яўляюцца прамымі нашчадкамі сям’і Святаполк-Мірскіх, якія да 1939 года валодалі Мірскім замкам. Святаполк-Мірскія — княскі і дваранскі род герба «Бялыня» — вялі свой ​​радавод ад Рурыка. Паходзілі ад Рыгора Мірскага, земскага суддзі ў Браславе. Іншы Рыгор Мірскі быў «вартаўніком вялікім літоўскім», Станіслаў — генералам літоўскіх войскаў, Станіслаў Войцэх Мірскі — пісарам вялікім літоўскім.

Іх нашчадкаў чакаюць ужо заўтра ў новым атэлі, які два месяцы таму размясціўся ў Мірскім замку. Як паведаміла менеджар Людміла Шчаглова, атэль карыстаецца вялікім попытам у турыстаў. «Па выходных няма вольных месцаў. Асноўныя госці — рускія, таксама нумары і рэстарацыю часта арэндуюць на вяселлі». Сярод вядомых гасцей прыгадваюць Аляксандра Іванова, Эдуарда Хіля, Эдуарда Ханка, якія ўдзельнічалі ў праекце «Канцэрты ў Мірскім замку».

Самы танны нумар у замку каштуе 450 тыс. руб — класа камфорт, клас люкс пацягне на 600 тыс. руб., 800 тыс. руб. — двухузроўневы нумар.
Для князёўны і яе сваякоў рыхтуюць самыя шыкоўныя апартаменты.

Госці прабудуць у Беларусі тры дні. За гэты час яны наведаюць фестываль «Памяці Мікалая Набокава», а таксама ацэняць новы атэль і рэканструкцыю замка наогул. Адправяцца на экскурсію і ў Нясвіж. Варта адзначыць, што Князёўна Марыя Святаполк-Мірская ўжо двойчы — у 2001 і 2003 гг. — была ў Беларусі па запрашэнні былога амбасадара Беларусі ў Вялікабрытаніі Уладзіміра Шчаснага. Яна асабіста перадала сямейны архіў Нацыянальнаму мастацкаму музею, філіялам якога з’яўляецца цяпер Мірскі замак.

Дарэчы, сусветна вядомы кампазітар Мікалай Набокаў, у гонар якога ладзяць фэст, нарадзіўся непадалёк, у Любчы. Ён быў стрыечным братам рускага пісьменніка Уладзіміра Набокава і сваяком Святаполк-Мірскіх.

Ініцыятарамі правядзення фестывалю, які плануецца зрабіць штогадовым, выступаюць Нацыянальная камісія Беларусі па справах ЮНЕСКА і Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?