За сем месяцаў гэтага года ў Мінску асвоена менш за 40% сродкаў, выдзеленых на будаўніцтва аб’ектаў аховы здароўя, фізкультуры і спорту.

Напрыклад, паводле інфармацыі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Мінска, гадавы аб’ём работ па рэканструкцыі рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў (РНПЦ) «Кардыялогія» і «Маці і дзіця» выкананы на 21,6% і 7,3% адпаведна. У той жа час сродкі, накіраваныя на будаўніцтва аперацыйнага блока і аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі, анестэзіялогіі і рэанімацыі РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі, асвоены ўжо ў поўным аб’ёме.

Працягваецца рэканструкцыя Галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра. Сёлета плануецца завяршыць рэканструкцыю будынка практалогіі і гнойнай хірургіі, а таксама рэканструкцыю інжынерных сетак, у 2012-м — будынка хірургічнага корпусу. Гадавое заданне па выкарыстанні інвестыцый у асноўны капітал на гэтым аб’екце за студзень-ліпень выканана на дзве траціны.

Бюджэтнае фінансаванне сёлета таксама накіроўваецца на мадэрнізацыю наступных аб’ектаў: будаўніцтва шматпрофільнай спартыўнай залы па гульнявых відах спорту Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву, вучэбна-трэніровачнага цэнтра фрыстайла, спартыўнага комплексу Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы, лёгкаатлетычнага манежа і плавальнага басейна Беларускага дзяржаўнага інстытута фізічнай культуры. Работы на аб’ектах вядуцца ў адпаведнасці з зацверджанымі графікамі і своечасова аплачваюцца з бюджэту. Рэалізацыя ўсіх гэтых праектаў разлічана да 2012–2013 гадоў.

Будаўніцтва інтэрната на 600 месцаў Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву і другая чарга пашырэння матэрыяльна-тэхнічнай базы Палаца тэніса павінны быць завершаныя да канца 2011 года. На 1 жніўня запланаваны на год аб’ём інвестыцый на гэтых аб’ектах асвоены напалову.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?