Пракуратурай Маскоўскага раёна Мінска распачатая крымінальная справа ў дачыненні да грамадзяніна Турцыі, кіраўніка прадстаўніцтва кампаніі ТАА «Эрым», які ўдзельнічаў у будаўніцтве адміністрацыйнага будынка па вул. Варвашэні.

Яшчэ ў пачатку года праваахоўныя органы Мінска зацікавіліся абставінамі рэалізацыі праекта па будаўніцтве аб’екта «Адміністрацыйны будынак з убудаванай падземнай аўтастаянкай па вул. Варвашэні». Падставай для цікавасці паслужыў зварот аднаго з удзельнікаў праекта, які паведаміў пра шэраг супрацьпраўных дзеянняў кіраўніка прадстаўніцтва ТАА «Эрым».

Па заяве аператыўнікамі АБЭЗ Маскоўскага РУУС была праведзеная праверка, але ніякага складу злачынства ў дзеяннях кіраўніка прадстаўніцтва выяўлена не было.

Праўда, пасля міліцыі матэрыялы праверкі паступілі ў пракуратуру, якая паглядзела на ўсю сітуацыю крыху інакш. У выніку пракуратура Маскоўскага раёна адмяніла пастанову АБЭЗ і распачала ў дачыненні да кіраўніка прадстаўніцтва ТАА «Эрым» Амера Алтэкіна крымінальную справу па падазрэнні ў здзяйсненні ім злачынства па ч.4 арт. 210 Крымінальнага кодэкса Беларусі (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учынены арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Паводле дадзеных пракуратуры, грамадзянін Турцыі, з 9 красавіка па кастрычнік 2010 года, з’яўляючыся кіраўніком прадстаўніцтва ТАА «Эрым», шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі падчас будаўніцтва аб’екта «Адміністрацыйны будынак з убудаванай падземнай стаянкай па вул. Варвашэні», здзейсніў крадзеж больш чым 1,8 млрд рублёў, якія належаць ААТ «Белгархімпрам».

Cам падазраваны цяпер знаходзіцца па-за дасяжнасцю праваахоўнай сістэмы Беларусі, бо яшчэ 5 верасня 2010 паляцеў на радзіму ў Стамбул і больш у Беларусі не з’яўляўся.

Цяпер па справе праводзяцца следчыя мерапрыемствы, падчас якіх плануецца высветліць усе абставіны гэтай гісторыі і ступень удзелу ў крадзяжы сродкаў турэцкага грамадзяніна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?