Начальнік магілёўскай турмы № 4 Аляксандр Ламаза пацвердзіў інфармацыю аб этапаванні лідара «Маладога фронту» Дзмітрыя Дашкевіча ў следчы ізалятар № 2 Віцебска.Пра гэта Ламаза паведаміў сёння актывістам магілёўскіх дэмакратычных арганізацый.
Як раней паведамлялася, сёння магілёўскія актывісты прынеслі Дашкевічу перадачу ў СІЗА Магілёва, які размешчаны на адной тэрыторыі з турмой № 4. Сюды асуджаны палітык быў этапаваны 19 верасня з папраўчай калоніі ў Горках (Магілёўская вобласць). Аднак у СІЗА ім заявілі, што Дашкевіча там няма.
Паводле слоў Ламазы,
Дашкевіча з магілёўскага ізалятара перавялі ў СІЗА № 2 Віцебска некалькі дзён таму.Ламаза таксама паведаміў, што ў СІЗА Магілёва асуджаны прабыў «транзітам» усяго 8–9 гадзін, дзе быў забяспечаны харчаваннем. Аднак дакладную дату знаходжання Дашкевіча ў Магілёве начальнік турмы не назваў.
Як зазначыў Ламаза,
канцавога пункта маршруту перасылкі Дашкевіча ён не ведае,паколькі ўсе паперы на зняволенага былі запячатаны і ўскрываць іх могуць толькі ў месцы прызначэння, якое было ўказана зверху, — гэта значыць у СІЗА № 2 Віцебска.
З папраўчай калоніі ў Горках Дашкевіч быў вывезены вечарам 19 верасня. Увесь гэты час сваякі і сябры Дашкевіча не маглі атрымаць афіцыйную інфармацыю аб яго месцазнаходжанні.
Зарэгістраваная ў Чэхіі міжнародная арганізацыя «Малады фронт» звярнулася ў Генпракуратуру з просьбай высветліць месцазнаходжанне Дашкевіча.
0
0
0
0
0
0