Амерыканская флейтыстка і кампазітар, лаўрэат прэміі «Грэмі» Ронда Ларсан выканала ўласную аранжыроўку беларускай народнай мелодыі «Купалінка» ў Белдзяржфілармоніі 11 кастрычніка ў суправаджэнні групы «Вентус» (ЗША).

Ларсан паведаміла, што гэта адна з яе любімых мелодый. «Яна вельмі запамінальная і загадкавая. Калі я пачала працаваць з ёй, дні чатыры яна не выходзіла ў мяне з галавы. Я працягвала напяваць яе і днём, і ноччу — не словы, паколькі я не размаўляю па-беларуску, а мелодыю. Я палюбіла яе. Гэта адна з самых выдатных мелодый, якія я калі-небудзь чула», — сказала кампазітар.

Музыкант адзначыла, што не толькі ведае мелодыю, але знаёмая і са зместам «Купалінкі».

Паводле слоў Ларсан, ёй падабаецца музыка розных народаў, але больш за ўсё кельцкая. Яна адзначыла ролю, якую музыка можа сыграць у аб’яднанні людзей. «Музыка спыняе гутаркі, і кожнаму даецца штосьці станоўчае. Сёння тут сядзела цэлая зала людзей з рознымі меркаваннямі пра ўсё на свеце, і мы ўсе зарадзіліся аднолькава — аднолькава, але па-рознаму, бо з кожным гаворыць яго душа», — сказала яна.

Ларсан саліруе на розных флейтах, а ў яе музыцы выкарыстаныя элементы мелодый з розных краін свету, матывы джазавай, класічнай і кельцкай музыкі. Выступленне Ларсан і «Вентуса» сабрала поўную Вялікую залу Белдзяржфілармоніі.

Флейтыстка адзначыла, што палюбіла Беларусь у першы прыезд дзесяць гадоў таму. 12 кастрычніка яна плануе адправіцца ў Магілёў, каб сустрэцца са студэнтамі. Акрамя таго, Ларсан паведаміла, што хацела б убачыць беларускія лясы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?