Алмазбек Атамбаеў афіцыйна прызнаны пераможцам прэзідэнцкай гонкі ў Кыргызстане, заявіў сёння старшыня ЦВК рэспублікі Туйгуналы Абдраімаў, паведамляе РІА «Новості».

«Алмазбек Атамбаеў набраў 62,52% галасоў на прэзідэнцкіх выбарах 30 кастрычніка»
, — заявіў Абдраімаў, агучваючы афіцыйныя вынікі выбараў.

Такім чынам, пасля канчатковага падвядзення вынікаў працэнт галасоў «за» Атамбаева трохі знізіўся. Па папярэдніх дадзеных, ён набіраў больш за 63%.

У апошнюю нядзелю кастрычніка

ў Кыргызстане прайшлі прэзідэнцкія выбары, якія павінны стаць важнейшым этапам легітымацыі ўлады пасля звяржэння прэзідэнта Бакіева
ў красавіку мінулага года. У мінулым годзе ў Кыргызстане адбыўся дзяржпераварот, падчас якога быў зрынуты рэжым Курманбека Бакіева, які ў сваю чаргу, прыйшоў да ўлады ў выніку «цюльпанавай» рэвалюцыі 2005 года. Алмазбек Атамбаеў быў сярод лідэраў рэвалюцыі. Пасля перавароту кіраўніком дзяржавы была прызначаная прэзідэнт пераходнага перыяду Роза Атунбаева. Яе паўнамоцтвы мінаюць 31 снежня 2011 года. Атунбаева другі раз прэтэндаваць на дадзены пост ужо не можа. Згодна з новай канстытуцыяй краіны, прынятай у мінулым годзе пасля дзяржаўнага перавароту, прэзідэнт Кыргызстана абіраецца на 6 гадоў і толькі на адзін тэрмін.

Першапачаткова

на пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндавалі 83 кандыдаты, аднак афіцыйныя мандаты кандыдата ў прэзідэнты атрымалі толькі 23 з удзельнікаў гонкі. За некалькі дзён да галасавання яшчэ сямёра з іх адмовіліся ад перадвыбарчай барацьбы.

Міжнародныя назіральнікі ў сваіх справаздачах адзначылі, што

выбары ў Кыргызстане ў цэлым былі дэмакратычнымі, адкрытымі і празрыстымі.

На працягу 30 дзён павінна адбыцца інаўгурацыя новага кіраўніка дзяржавы.

55-гадовы Атамбаеў стаў прыкметным палітыкам каля 10 гадоў таму. Пасля звяржэння першага прэзідэнта Кыргызстана Аскара Акаева ў сакавіку 2005 года Атамбаеў быў адным з першых крытыкаў другога прэзідэнта Курманбека Бакіева.

Але

Атамбаеў усё ж стаў выканаўцам абавязкаў міністра прамысловасці, гандлю і турызму ва ўрадзе Бакіева. Але доўга ён не пратрымаўся; неўзабаве пакінуў урад і стаў сустаршынёй апазіцыйнага руху «За рэформы ў Кыргызстане» у 2006 годзе.

Увесну 2007 года ён зноў апынуўся ва ўрадзе Бакіева, на гэты раз у якасці прэм’ер-міністра. Атамбаеў пакляўся быць «голасам апазіцыі ў кыргызскім ўрадзе», але гэта абяцанне ніколі не было выканана, — паведамляе радыё «Свабода».

Гэта здарылася ў асноўным з-за таго, што

на працягу некалькіх тыдняў ён адсутнічаў на працоўным месцы пасля сцвярджэнняў аб тым, што ён быў атручаны. Кыргзыстанскія і турэцкія лекары пацвердзілі факт атручвання
, аднак не змаглі сказаць, чым ён быў атручаны, а ў канцы восені ён быў адхілены ад пасады.

Палітычная зорка Атамбаева зноў заззяла ў 2010 годзе, калі народныя акцыі пратэсту дапамаглі зрынуць Бакіева.

Прэм’ерства Атамбаева не асацыюецца з вялікімі дасягненнямі. Тым не менш, менавіта

падчас яго прэм’ерства Бакіеву ўдалося заснаваць прапрэзідэнцкую партыю «Ак-жол». «Ак-Жолу» атрымалася атрымаць большасць месцаў у парламенце
пасля выбараў, і Атамбаеў зноў прадставіў сябе ў якасці вядучай апазіцыйнай фігуры.

Ён звязваў сваю вымушаную адстаўку, якая здарылася за месяц да парламенцкіх выбараў у снежні 2007 года, са сваёй пазіцыяй апазіцыянера. У той час ён заклікаў улады «правесці сумленныя выбары», паколькі «мы ведаем, як ганебна скончыліся выбары 2005 года».

У 2009 годзе Атамбаеў зноў скарыстаўся магчымасцю выступіць супраць Бакіева, выставіўшы сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары ў ліпені таго ж года. Аднак ён

расчараваў сваіх прыхільнікаў у дзень выбараў, абвясціўшы, што ён здымае сваю кандыдатуру з выбараў. Прычынай такога рашэння стала тое, што выбары «праводзіліся несумленна»,
з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу.

А перад прэзідэнцкімі выбарамі 30 кастрычніка 2011 года ўжо

апаненты Атамбаева сцвярджалі, што ён выкарыстаў адміністрацыйны рэсурс
падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі.

Атамбаеў з’яўляўся членам Часовага Урада, якое прыйшло да ўлады пасля звяржэння Бакіева. Ён дапамагаў распрацоўваць новую Канстытуцыю для парламенцкай сістэмы кіравання. Аднак ён

не змог сфарміраваць кааліцыйны ўрад пасля парламенцкіх выбараў
у мінулым годзе, што стала доказам таго, што парламент не цалкам падтрымлівае яго.

Стаўшы прэм’ер-міністрам, Атамбаеў

адкрыта дэманстраваў перавагу Расіі, аднак выяўляў асцярожнасць ў сваіх выказваннях, кажучы добрыя словы пра Кітай і ЗША.

Ён

абяцаў не працягваць дамову арэнды для амерыканскай ваеннай базы ў Манасе
, калі тэрмін яго дзеяння скончыцца ў 2014 годзе; таксама ён
дамагаецца ўступлення Кыргызстана ў мытны саюз.

* * *

Былы прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў, зрынуты падчас масавых акцый пратэсту ў красавіку 2010 года, абвінавачваецца на радзіме ў саўдзеле ў масавых забойствах пры падаўленні народных выступаў. Цяпер Бакіеў хаваецца ў Беларусі, якая адмаўляецца выдаць яго праваахоўным органам Кыргызстана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?