Для ўдзелу ў нацыянальным адборачным туры міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне-2012» падалі заяўкі выканаўцы не толькі з Беларусі, але з Расіі, Бельгіі, Ісландыі, паведаміў 22 лістапада на пасяджэнні круглага стала «Вяртанне „ЕўраФэста“: правілы адбору» кіраўнік праекта Аляксандр Ціхановіч.

Нагадаем, сёлета права вызначаць удзельніка Беларусі на «Еўрабачанні» вярнулася да Белтэлерадыёкампаніі. Два апошнія гады адборам да еўрапейскага конкурсу песні займаўся канал ОНТ, які атрымаў гэтае права пасля скандалу з Пятром Ялфімавым на «Еўрабачанні-2009» у Маскве. 18 кастрычніка Белтэлерадыёкампанія аб’явіла, што пачынае рэалізоўваць тэлевізійны музычны праект «ЕўраФэст» — нацыянальны адборачны тур міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне-2012», які пройдзе ў маі наступнага года ў Азербайджане.

Выканаўчы прадзюсар тэлеканала Беларусь-1, кіраўнік праекта «Еўрабачанне-2012» Дзмітрый Баранаў прызнаўся, што Белтэлерадыёкампанія вельмі рада вяртанню «ЕўраФэста», і падкрэсліў, што адбор будзе «праходзіць у адкрытым фармаце, ён павінен быць дэмакратычным, празрыстым».

«Кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, замежны грамадзянін і асоба без грамадзянства, якая пастаянна жыве ў Беларусі, маюць права падаць заяўку ў якасці выканаўцы, і абсалютна любы грамадзянін любой дзяржавы можа падаць заяўку на ўдзел у якасці аўтара», — сказаў ён.

Заяўкі прымаюцца да 25 лістапада ўключна
(дата будзе вызначацца па паштовым штампе). Ахвотныя павінны каштоўнай бандэроллю прыслаць заяўку з паметкай «Праект «ЕўраФэст» у адрас Белтэлерадыёкампаніі (220807 Мінск, вул. Макаёнка, 9).
Праслухоўванне пройдзе ў пачатку снежня.
Па яго выніках будзе адабрана 15 удзельнікаў паўфіналу, які адбудзецца 21 снежня і будзе транслявацца ў прамым эфіры на канале Беларусь-1. Згодна з правіламі, у фінал пройдуць не больш чым пяць чалавек. І ў паўфінале, і ў фінале пераможцы будуць вызначацца шляхам падсумавання вынікаў галасавання гледачоў і галасавання журы. Фінал «ЕўраФэста» пройдзе ў другой палове студзеня 2012 года.

Паводле слоў Баранава, гэтым разам пададзена менш заявак, чым у папярэднія гады, але якасць выканаўцаў вышэйшая. «Магу сказаць, што сёлета, верагодней за ўсё, удзельнікаў „Еўрафэста“ будзе менш, але іх якасны ўзровень пэўна расце», — згодны з ім Ціхановіч.

Дакладную колькасць пададзеных заявак арганізатары адбору пакуль не раскрываюць, заўважаючы, што традыцыйна яшчэ даволі шмат прыйдзе ў самы апошні дзень.

Арганізатары заяўляюць, што найперш будуць выбіраць выканаўцу.
І калі яго вакальныя даныя ўсіх задаволяць, але ўзровень песні будзе недастатковым, то яму прапануюць выбраць іншую кампазіцыю. Мяняць або карэктаваць нумар і песню можна да фіналу.

Арганізатары заяўляюць, што не робяць стаўку на вядомых выканаўцаў або абсалютна новыя імёны. У той жа час, на думку Ціхановіча, прафесійны артыст з вопытам зможа лепш прадставіць Беларусь на міжнародным конкурсе. «Гэта вельмі жорсткі конкурс. Гэта пот і слёзы. У фінале проста валасы дыбам устаюць ад напружання. І чалавек, які стаіць на сцэне, прымае ўвесь гэты ўдар на сябе. Хтосьці вытрымлівае, а хтосьці губляе арыентацыю з-за хвалявання», — сказаў ён.

Акрамя таго, заўважыў Ціхановіч, беларусам варта быць больш добразычлівымі да музыкантаў, якія прадстаўляюць краіну на «Еўрабачанні». «Хацелася б, каб гледачы ставіліся з любоўю да свайго выканаўцы. Важна, каб краіна, якую мы прадстаўляем, не ганіла нас. Нельга гаварыць, што нашы ўвесь час кепскія. У нас багатая эстрадная школа, беларускія выканаўцы станавіліся пераможцамі і расійскай „Фабрыкі зорак“, і „Народнага артыста“, у нас ёсць калектывы, якімі нацыя можа ганарыцца. Нельга ж увесь час ганіць», — сказаў кіраўнік праекта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?