Мінскія праваахоўнікі высвятляюць прычыны выбуху, які адбыўся ў гаражным кааператыве мікрараёна Масюкоўшчына.
На месцы здарэння працуюць выратавальнікі, міліцыя, кінолагі. Ідзе разбор завалаў. Ад гаражоў засталіся цагліны. Прычым сцяну, якая стаяла тут, аднесла на 15 м.

Мяркуецца, што выбух прагрымеў у сярэднім гаражы. Ад яго і ад суседніх нічога не засталося. Сцены чацвёртага таксама ледзь трымаюцца. Ратавальнікі іх умацавалі.

Толькі б без ахвяр — гэта яшчэ і яшчэ раз паўтараюць відавочцы. Яны і выклікалі ратавальнікаў.

Відавочца:

— Пачулі моцны выбух. А далей пайшоў дым. Пажарнікі прыехалі вельмі хутка. Бачыў толькі ўладальніка «БМВ», які сядзеў на кукішках і трымаўся за галаву.

На месца надзвычайнага здарэння хутка прыбылі ратавальнікі. Пажар патушылі адразу.

Адзінага пацярпелага хуткая даставіла ў бальніцу. Жыццю 40-гадовага Уладзіслава Стальмахава нічога не пагражае. Пакуль ён знаходзіцца ў рэанімацыі, паведамілі ў праграме Навіны «24 гадзіны» на СТВ.

Сам пацярпелы ў свядомасці. Па прафесіі — скульптар і ў гаражы займаўся падрыхтоўкай. Хацеў зрабіць скульптуру музыкі. Ці вернецца да творчасці адразу, не ўпэўнены.

— Я балгаркай рэзаў метал, і ў гэты момант мяне пацягнула некуды ўбок хваляй паветра. Калі падняўся, гаражоў не было.

А тым часам на месцы здарэння далі каманду «Цішыня». Працуюць сабакі.

Не выключана, што пад заваламі яшчэ могуць быць людзі. Адна брыгада падымае аўтамабіль. Вядома, што пад ім склеп. Туды адразу адпраўляюць сабаку і спецыяльную тэхніку, якая фіксуе найменшыя рухі. Так будзе да позняга вечара.

Віталь Дэмбоўскі, памочнік начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС:

— Пакуль не будзе адназначна вядома, што больш пацярпелых няма, нашы падраздзяленні з месца не з’едуць.

На месцы здарэння ўжо працуюць следчыя. Ім трэба будзе знайсці галоўны адказ: што ўсё-такі стала прычынай выбуху. Магчыма, газавыя балоны. Магчыма, уцечка газу. Відавочна, што бяспецы тут надавалі недастаткова ўвагі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?