30 лістапада першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Аляксандр Федарцоў прысудзіў да смяротнага пакарання Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.
Іх прызналі вінаватымі ў шэрагу выбухаў, у тым ліку ў выбуху на станцыі метро «Кастрычніцкая» ў Мінску сёлета 11 красавіка. Тады загінула 15 чалавек, больш за 200 былі параненыя. Сваімі меркаваннямі пра прысуд з Радыё Свабода падзяліўся былы начальнік мінскага cледчага ізалятара, палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў.

Знаткевіч: Ці ўважліва вы сачылі за працэсам і якія вашыя ўражанні?

Алкаеў: Лічу, што прысуд вынесены ў адпаведнасці з выстаўленым абвінавачаннем і фактычна здзейсненым. Тое, што я чытаў, тое, што бачыў, што людзі вытварылі, за гэта і атрымалі. Не буду ўмешвацца ў кампетэнцыю суда, чаму ён даў такі прысуд, які многія лічаць вельмі жорсткім. Але паколькі артыкул «Смяротнае пакаранне» з Кодэкса не прыбраны, то гэта выключная мера на сённяшні дзень і яна па маштабах здзейсненага цалкам адпавядае таму, што гэтыя людзі ўчынілі.

У грамадстве мусіруецца думка, што быццам бы прысуд неправамоцны, бо віна іх не даказаная. Але я не ўгледзеў, што віна не даказаная. Той набор, што я ўбачыў у інтэрнэце (сёння, напрыклад, я паглядзеў прызнальныя паказанні), дазваляе мне лічыць, што віна даказаная.
Нават калі ў паловы доказаў ёсць нейкія нестыкоўкі, то другая палова доказаў цалкам падводзіць гэтых людзей пад смяротны прысуд.
Знаткевіч: Наколькі верагоднай вам здаецца версія, што Канавалаў быў сапраўды злачынцам, але толькі выканаўцам нечай замовы?

Алкаеў: Вось гэтае пытанне, я лічу, да канца не даследаванае.

Так, Канавалаў — выканаўца, пасобнік у яго — Кавалёў, а вось пытанне, ці кіраваў імі нехта, ці дапамагаў парадай, на мой погляд, да канца не вывучанае. А, можа, яго і не спрабавалі вывучаць.
Ёсць абставіны, якія паказваюць, хаця б і ўскосна, на наяўнасць яшчэ нейкай «трэцяй сілы». Паводле логікі падзеяў, чалавек павінен быць хіба вар’ятам, каб, здаўшы адбіткі пальцаў, ісці падрываць…
Пасля таго як у яго ўзялі адбіткі пальцаў, ён павінен быў бегчы не азіраючыся. Ён разумее, што будзе асуджаны, але ідзе ўзрываць.
Значыць, яму далі нейкія гарантыі: давай, ідзі далей падрывай, не бойся, усё будзе добра. Такое пытанне напрошваецца.
Хто мог даць такія гарантыі, не ведаю. Значыць, або ён вар’ят, або яму нехта даў гарантыі. Але экспертыза яго прызнала нармальным, застаецца другі варыянт. На гэта паказвае і яго пасіўны спосаб абароны, калі проста маўчыць і ўсё. Часам гэта азначае, што чалавек спадзяецца на ласку, на чыюсьці гарантыю: ты не псуй следства, не злуй улады і суд, і ў цябе з’явіцца шанец атрымаць больш мяккае пакаранне. Дарадцаў у турме хапае, сярод асуджаных таксама. Магчыма, яму далі гарантыі больш сур’ёзныя асобы. Гэта трэба даследаваць, бо яго паводзіны мяне насцярожваюць. Мне даводзілася выслухоўваць даклады, як паводзяць сябе на апошняй споведзі асуджаныя на смяротнае пакаранне. Дык вось, яны не раскайваюцца, яны і святару кажуць, што невінаватыя, просяць, каб той ужыў царкоўныя рычагі, каб заступіўся. А тут на судзе чалавек не выкарыстоўвае права на абарону…

Знаткевіч: Але другі асуджаны, Кавалёў, якраз такое права выкарыстоўваў. Ён адмовіўся ад сваіх паказанняў пад следствам, ён заявіў пра ціск на яго. Чаму ён атрымаў — фактычна «за неданясенне» — тую ж выключную меру?

Алкаеў: Ведаеце, мы ўсе цяпер на сябе прымерваем ролю суддзяў. Але ёсць артыкул Крымінальнага кодэкса. Ён прыняты нашымі народнымі абраннікамі, дэпутатамі і прыняты не ўчора і не пазаўчора. Там ясна сказана і пра саўдзельнікаў, пасобнікаў. Да іх таксама гэты артыкул ужываецца. Які вам прыклад прывесці? Ну, напрыклад, пры крушэнні самалёта якая людзям розніца, па віне першага пілота яны загінулі ці другога?

Знаткевіч: Ваш прагноз: што будзе далей? Ці памілуе Аляксандр Лукашэнка некага з асуджаных? Калі не, дык наколькі хутка прысуд прывядуць у выкананне?

Алкаеў: Я думаю, што ён іх не памілуе. Наколькі хутка прывядуць… З практыкі ведаю, што гэта можа быць і паўгода. Можа, у гэтым выпадку і хутчэй. Мне вельмі шкада іх блізкіх, сваякоў, але ўсё ж быў шанец абараніцца, аргументавана, а не гаварыць там пра нейкі ціск.

Знаткевіч: Ці змянілася за апошнія гады вашае стаўленне да смяротнага пакарання ў прынцыпе?

Алкаеў: Вядома, змянілася.

Я мяркую, што яго даўно трэба было адмяніць. Гэты артыкул на развіццё грамадства і рэгуляванне злачыннасці асабліва не ўплывае. Я бачу, што ў Еўропе няма ніякага пакарання, і жывуць людзі нармальна.

***

Палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў са снежня 1996 па травень 2001 узначальваў Следчы ізалятар № 1 Камітэта выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. На гэтай пасадзе ён кіраваў камандай, якая выконвала смяротныя прысуды. Паводле ягоных сведчанняў за гэты час былі расстраляныя 134 зняволеныя.

У 2001 годзе Алкаеў выступіў з заявамі аб магчымай датычнасці высокіх службовых асобаў Беларусі да знікненняў і забойстваў апазіцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага. Алкаеў з’ехаў у Расію, а потым у Германію, дзе ў 2002 годзе атрымаў палітычны прытулак.

У 2006 годзе па-расійску выйшла кніга Алкаева «Расстрэльная каманда», у якой ён расказвае пра абставіны гучных знікненняў, а таксама пра выкананне смяротных прысудаў у Беларусі. Пазней кніга выйшла па-нідэрландску і па-ангельску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?