Пад эгідай Анкары 1 снежня на тэрыторыі Турцыі прайшлі перамовы паміж прадстаўнікамі Сірыйскай нацыянальнай рады і Свабоднай арміі Сірыі —
дзвюх апазіцыйных арганізацый, якія дамагаюцца звяржэння прэзідэнта Башара Асада, паведамляе ў сваім рэдакцыйным блогу тэлеканал «Аль-Джазіра».

Згодна з гэтай інфармацыяй, бакі афіцыйна прызналі адзін аднаго. Сірыйская нацыянальная рада заявіла, што Свабодная армія Сірыі — рэальная структура, якая вядзе ўзброеную барацьбу супраць цяперашніх уладаў. У адказ «армейцы» прызналі Раду галоўнай палітычнай структурай апазіцыі.

Абодва бакі перамоваў дамовіліся ў далейшым каардынаваць свае дзеянні і наладзілі пастаянны канал сувязі.

Як паведамлялася раней, апазіцыйная Сірыйская нацыянальная рада сабрала прадстаўнікоў палітычных апанентаў Башара Асада — як эмігрантаў, так і тых, што ўсё яшчэ жывуць на радзіме. Свабодная армія Сірыі — гэта аб’яднанне ўзброеных праціўнікаў рэжыму — у асноўным, салдат і афіцэраў, якія перайшлі на бок апазіцыі. Іх узначальвае палкоўнік ВПС Сірыі Рыяд Муса Асад, які атрымаў прытулак у Турцыі і адтуль каардынуе дзеянні сваіх падначаленых.

Раней апазіцыйныя Рада і Армія дзейнічалі паасобку: Рада не прымала гвалтоўных метадаў барацьбы, настойваючы на тым, што рэвалюцыя павінная быць мірнай, а прадстаўнікі Арміі заяўлялі, што на стральбу па дэманстрантах трэба адказваць тым жа.

Афіцыйныя ўлады Сірыі лічаць абедзве гэтыя арганізацыі супрацьзаконнымі і не спыняюць барацьбу супраць іх. Найбольшы клопат у кіраўніцтва краіны выклікаюць менавіта ўзброеныя паўстанцкія атрады, якія праводзяць усё больш дзёрзкія аперацыі супраць урадавых войскаў.

Адной з апошніх такіх акцый стаў напад на авіябазу ў цэнтральнай Сірыі. Падчас гэтага рэйду былі забітыя дзесяць чалавек, уключаючы шасцярых пілотаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?