Дзясяткі мастакоў з Беларусі жывуць за межамі нашай краіны. Многія з іх дасягнулі немалога поспеху ў замежжы, але адзінкавыя прафесіяналы знаёмыя з іх імёнамі на радзіме.
Некаторыя з гэтых творцаў не хочуць, каб іх называлі беларускімі масткамі, а нехта трымае бел-чырвона-белыя сцяжкі на працоўных сталах. Мастацтвазнаўца Ягор Сурскі выбраў восем гісторый мастакоў-эмігрантаў, склаўшы з іх дакументальнае кіно «Арт-рэпатрыяцыя». Прэм’ера прайшла ў Мінску 30 лістапада.

«Канкрэтна да Беларусі я сябе не адношу. Я з’ехаў у 1991 годзе з СССР», — кажа Максім Вакульчык, які цяпер жыве і працуе ў нямецкім Дзюсельдорфе. — І я не хачу, каб мяне называлі «беларускім мастаком». Лепей «мастак з Беларусі».

Словы мастакоў суправаджаюць у фільме кадры з іх прасторнымі і заможнымі па беларускіх мерках студыямі і кватэрамі. Прасторныя і поўныя сонечнага святла, яны вельмі яскрава сведчаць аб тым, што выйгралі гэтыя людзі, калі дзесяць ці дваццаць гадоў таму з’ехалі з Беларусі. І гэта на фоне неверагоднага, як падаецца з невялікай залы інстытута Гётэ ў Мінску, дзе адбываецца прэм’ерны паказ фільма, свавольства рознакаляровых нефармалаў на нямецкіх вуліцах: шэсце ўсіх магчымых меншасцяў па вуліцах Берліна суправаджаецца кадрамі вясёлага беларускага мастака Ігара Кашкурэвіча, які, троху запінаючыся, па-беларуску чытае з паперкі тэкст, а пасля ходзіць па метро з каменем на плячы.

Такіх гісторый у фільме мінскага куратара Ягора Сурскага восем. Восем мастакоў, восем жыццяў у 55-хвіліннай стужцы, знятай у Нямеччыне ў межах праекта «Арт-рэпатрыяцыя: беларускія нямецкія мастакі». Праект робяць тры чалавекі. Для самога Ягора гэта дэбют у кіно. Але дэбют вельмі трапны — тэма эміграцыі ў краіне як ніколі актуальная.

«Нямеччына — адна з краін, дзе жыве, даволі кампактна, шмат беларускіх мастакоў, — кажа Ягор Сурскі. — Шэраг з іх атрымалі адукацыю ўжо ў Нямеччыне. Яны даволі актыўныя і ў беларускім мастацкім полі таксама».

Галоўная тэма фільма — міграцыя і імавернасць вяртання гэтых людзей на радзіму. Па словах Ягора, пытанне аб тым, ці жадаюць мастакі вяртацца на радзіму, узнікла само сабой. «Наша камунікацыя была даволі свабоднай», — кажа ён. — «Іншая справа, ці ёсць у нас магчымасці для іх вяртання: сучасныя цэнтры, музеі — што могуць рэалізаваць выставу, выкарыстоўваючы медыятэхнікі, у якіх гэтыя людзі працуюць».

«Істотна, як ты малюеш, а не якой ты нацыянальнасці, — кажа мастачка Ганна Сакалова. Яна цяпер таксама жыве ў Дзюсельдорфе.

„Мне сняцца сны, што я з’явіўся ў Мінску і пайшоў на завод працаваць, — кажа Алег Юшко. Я прачынаюся ў страху. Не ведаю, што рабіў бы ў гэтым месцы. Бо раней я працаваў на заводзе ў Мінску, і там у мяне пачалося раздваенне асобы“.

Па словах Ягора, яго парадавала, што „нейкія азы гэтыя людзі атрымалі тут“: нечаму іх навучыла і беларуская зямля ці нават беларуская адукацыя. Хаця адчуванні ад яе хутчэй адмоўныя:

„Беларуская і еўрапейская адукацыя вельмі моцна адрозніваюцца, — кажа скульптар Жанна Грак. — У Беларускай Акадэміі мастацтваў не хапае свабоды. Кожны мой праект там быў гульнёй з агнём: выкінуць цябе за нестандартнае мысленне, альбо ўсё ж пакінуць“.

У Нямеччыне, па яе словах, усё інакш: „тут ідэя ў тым, каб студэнты вучылі адно аднаго. Усе сядаюць за вялікі стол і на пачатку занятку паказваюць свае працы, кажуць, што думаюць і слухаюць меркаванні іншых“.

Што да беларускага мастацтва, то самае мяккае, што могуць сказаць пра яго гэтыя мастакі — „я яго не разумею“. Па словах Андрэя Дурэйкі, беларускага мастацтва стала болей, чым раней. „Гэтым варта ганарыцца, нягледзячы на адсутнасць фундаментальнай падтрымкі з боку дзяржавы“.

„Мы ўвогуле не размаўляем на сваёй мове, — пераходзіць мастак з расійскай на беларускую. — І беларуская палітыка ў мастацтве дагэтуль посткаланіяльная: мы прыходзім у Нацыянальны музей, і ён пачынаецца з партрэтаў імператарскай сям’і“.

Зрэшты, як адзначае Ягор Сурскі, " каб Шагал вярнуўся ў Беларусь, спатрэбілася 80 гадоў. А цяперашнія мастакі-эмігранты робяць выставы і праз 11 гадоў пасля ад’езду. Сучасныя тэхналогіі знішчаюць межы».

«Гэта не так лёгка — адчуваць сябе беларусам і быць беларусам. Варта падумаць пра іх жыццёвыя абставіны. Калі гэтыя людзі кажуць пра сваю ідэнтычнасць, то нацыянальна яны яе не акрэсліваюць. У тым жа Берліне мы можам сустрэць на маленькім кавалачку шмат праяваў мультыкультуралізму. І гэтыя мастакі ідэнтыфікуюць сябе самі па-сучаснаму, гэта з’ява постмадэрнізму».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?