Я вырас у ліхія і вольналюбныя 90-я і мне не давялося ў свядомым узросце ўбачыць бутафорскія «выбары» ў савецкія саветы, дзе не было нават намінальнай палітычнай канкурэнцыі. Наадварот, я досыць пільна сачыў за ўсімі расійскімі федэральнымі выбарамі з 1995 года — ад кампаніі да самога дня галасавання і ночы падліку галасоў.

Дзень дэмакратычных выбараў і ноч падліка галасоў па мне дык цікавей і весялей за любы Новы год: цэлы дзень напружаныя інтрыгоўныя паведамленні, калі адчуваеш, як наўпрост перад тваімі вачыма творыцца палітычная гісторыя краіны, вызначаецца расклад ва ўладзе на наступныя некалькі гадоў. Расійскія выбары і дагэтуль яшчэ не набылі гэтага змрочнага, безнадзейнага і ваеннага характара, які маюць выбары беларускія — у якіх роўна год таму ад самога пачатку чакалася нешта падобнае да таго, што сапраўды адбылося.

І ведаеце, нават эрозія дэмакратыі ў сучаснай Расіі ніяк не збавіла захаплення ад відовішча і шкадавання ад таго, што гэтым разам я так і не запісаўся назіральнікам.

Мяркуючы па настроях людзей навокал, Расія праходзіць кропку біфуркацыі на шляху да «каляровай рэвалюцыі». У 2004 годзе расійскі сярэдні клас варожа шыпеў на падзеі ў Кіеве ва ўнісон з афіцыйнымі медыямі. Потым ён гэтаксама рассылаў сябрам па электроннай пошце абураныя петыцыі пра «бронзавага жаўнера» ў Эстоніі і калажы з Міхаілам Саакашвілі ў 2008 годзе.

А цяпер у модзе пратэст і апазіцыйнасць.

Офісныя маскоўскія «белыя каўнеры» пагалоўна чытаюць блог Навальнага і «лайкаюць» ролікі з фальсіфікацыямі выбараў на Facebook.
У маскоўскім метро бачыў людзей з стужачкамі «я против Партии жуликов и воров», што жыва нагадала ўкраінскую манію аранжавай атрыбутыкі ў 2004 г.

Гламурныя маскоўскія глянцавыя часопісы з падлетка-гіпертраваным радыкалізмам друкуюць заклікі процістаяць «партыі махляроў і рабаўнікоў», хіпстэрскі паў-моладзевытэлеканал «Дождь» увесь свой дзённы эфір 4 снежня прысвяціў выбарам.

Смешныя цынічныя і, як здавалася да нядаўняга часу, абыякавыя да палітыкі нудных дарослых дзядзек моднікі самаўпэўнена спрабуюць сябе ў нетыповым амплуа палітычных журналістаў
і ў выпадку з тэлеканалам «Дождь» увечары зрабіліся для мяне сапраўды паўнавартаснай і якаснай альтэрнатывай дзяжаўнай тэлевізіі, дыскусіі на якой, так бы мовіць, не хапае разняволенасці і шчырасці, як мне здалося. Больш небяспечны званочак — паведамленне пра «бунт» афіцэраў ваенна-марскога флоту, якія як быццам бы адмовіліся ўдзельнічаць у фальсіфікацыі вынікаў галасавання.

Так ці іначай, мяркуючы па папярэдніх выніках галасавання, партыя «Адзіная Расія» прынамсі губляе ў Думе канстытуцыйную большасць.

Наіўна меркаваць, што змена раскладу мандатаў хоць на каліва паўплывае на лаяльнасць парламента выканаўчай уладзе. Але зрух у грамадскай думцы сярэдняга класа і ў жыхароў ключавых рэгіёнаў — вялікіх гарадоў, асабліва Масквы і Пецярбургу — навідавоку.

Улада пакуль мае вялікае поле для манеўра, дастатковы запас для адкрыцця сацыяльных ліфтаў і барацьбы з карупцыяй (адным з адказаў на што было б падвышэнне градусу дэмакратычнасці палітычнага працэсу), які будзе адзінай адэкватнай рэакцыяй на гэты факт. У адрозненне ад Беларусі, пункт незвароту на шляху будаўніцтва аўтарытарнага рэжыма, які не мог бы быць зменены негвалтоўна, у Расіі яшчэ далёка не пройдзены, а больш нахабнае і смелае, чым у Беларусі, грамадства разам з большай залежнасцю ад міжнароднай супольнасці і не дадуць гэты пункт прайсці. Я пакуль захоўваю аптымізм.

А дадатковым стымулам для роздумаў расійскай уладзе дадуць вынікі прэзідэнцкіх выбараў, што будуць у сакавіку. Ёсць падставы меркаваць, што яны для іх не будуць больш прыемнымі, чым вынікі толькі што мінулых выбараў у Дзяржаўную думу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?