За мінулыя 10 гадоў «вал» па збожжы вырас амаль удвая. Вытворчасць сельгаспрадукцыі на душу насельніцтва ў грашовым выражэнні павялічылася ў 10 разоў. Тое ж самае ў жывёлагадоўлі. Колькасць мяса і малака павялічылася ў два разы. А што ўжо казаць пра экспарт! Ялавічыны марожанай вывозім у 10 разоў больш, масла — у пяць разоў, мяса птушкі — утрая. І гэты відавочны поспех не з неба зваліўся. Заканамерны вынік правільнай аграноміі.

Па парадах навукоўцаў, перавага аддадзеная збожжавым і зернебабовым культурам, прычым найбольш высокаўраджайным: пшаніцы, трыцікале, ячменю. Сельгасвытворчасць атрымала магутны аўтатрактарны парк з поўным шлейфам машын і абсталявання. Падвоілася колькасць трактароў, у тым ліку магутнасцю ад 100 конскіх сіл. Плюс плугі, камбайны, бульбаўборачныя машыны. Не пашкадавалі і ўгнаенняў. Павялічылі падкорм земляў азотам, каліем і фосфарам у 1,5–2 разы.

Здавалася б, хвала і слава сялу! Але чаму ж тады на адным з апошніх паседжанняў Саўміна прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч вельмі няўхвальна адклікаўся пра сельгасвытворчасць, паставіўшы жорсткі дыягназ: «Эканоміка галіны ў вельмі дрэнным стане».
У чым тут справа? А ў тым, што, нягледзячы на выдатны рост аб’ёмаў вытворчасці прадуктаў харчавання, выдаткі не акупляюцца ні ў раслінаводстве, ні ў жывёлагадоўлі.
Пры каласальным попыце на льняныя тканіны ў краіне і за мяжой рэнтабельнасць яе вырошчвання ў 2006 годзе складала мінус 73,2%, у 2007-м — мінус 48,4%, у 2009-м — мінус 37,6%! Даўгі. Нізкія зарплаты. Дэфіцыт пісьменных кіраўнікоў…

Такі стан стратэгічнай галіны народнай гаспадаркі не толькі не можа задавальняць грамадскія запатрабаванні, але і ніколі не забяспечыць яе ўстойлівае развіццё. Трэба зніжаць выдаткі. Як? На гэтую тэму напісаныя тамы даследаванняў. Аснова — патанненне сродкаў вытворчасці і памяншэнне выдаткаў працы на адзінку прадукцыі. Возьмем, да прыкладу, мінеральныя ўгнаенні і ядахімікаты.

Можна пагадзіцца з нястрымным ростам цэнаў на імпартныя пастаўкі, але калі ў тым жа трэндзе ідзе ўласная вытворчасць — незразумела.
Выпуск трактароў і сельскагаспадарчай тэхнікі падвоіўся (з 22,5 да 45,3 тысячы адзінак), а энерганасычанай вёсцы застаецца нездавальняючым.
Энергетычныя магутнасці не толькі засталіся на ўзроўні 2000 года, але нават зменшыліся. У разліку на 100 гектараў пасяўной плошчы з 506 да 388 конскіх сіл.
Велізарная колькасць энергіі і кармоў выкарыстоўваецца на вытворчасць аднаго кілаграма мяса і малака. Як разумець такія вынікі тэхнічнага пераўзбраення?
«Даеш сялу энерганасычаныя магутныя трактары!» — ходкі дэвіз апошніх гадоў. У пачатку стагоддзя іх выпуск складаў усяго 10% вытворчай праграмы МТЗ, цяпер — пятую частку. Уражліва, але не больш. Навукоўцы-эканамісты падлічылі, што з ростам магутнасці тэхнікі яе эфектыўнасць спачатку павышаецца, а пасля падае.
Кампанейшчыны ў гэтым пытанні быць не павінна. Неабходныя дакладныя разлікі, каму і навошта патрэбныя гіганты. Акрамя таго, атрымаўшы новыя тэхніку, абсталяванне, комплексы, кіраўнікі СВК пачалі неміласэрна спісваць старыя. У асобныя гады спісанне ільноўборачных камбайнаў дасягае 15% парку, сіласаўборачных — 17,6%. Не сваё — не шкада. А за руль новых, у тым ліку складаных энерганасычаных, гігантаў у пікавы час сельгасработ садзяцца гараджане, інжынеры, кіроўцы і тэхнікі без асаблівай спецыяльнай падрыхтоўкі. Ці можна ў такіх умовах захаваць новыя машыны, паменшыць выдаткі на аднаўленне іх працаздольнасці?
Яшчэ адзін факт вельмі бянтэжыць. Калі акінуць палі беглым позіркам, то няма ні кавалачка неапрацаванай зямлі. А лічбы кажуць пра адваротнае. За дзесяцігоддзе новага стагоддзя ў сельгасарганізацыях ворныя землі скараціліся амаль на 500 тысяч гектараў. Яшчэ ад 300 тысяч га ворных угоддзяў адмовіліся жыхары вёскі, напалову менш стала садоў.
А гэта ўпушчаныя тоны збожжа, бульбы і малака, так патрэбныя краіне. Такая вось атрымліваецца невясёлая арыфметыка. Яе таксама трэба выпраўляць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?