высветліў міжнародны калектыў навукоўцаў, які задаўся праблемай эвалюцыі памераў сысуноў.

Наколькі вялікімі могуць быць сысуны? Слон для сушы і сіні кіт для акіяна — гэта мяжа памеру? Колькі часу трэба, каб «выгадаваць» такіх гігантаў? На гэтыя пытанні паспрабаваў адказаць міжнародны калектыў навукоўцаў, прасачыўшы эвалюцыю росту памеру сысуноў з часоў дыназаўраў каля 65 млн гадоў таму. Іх праца апублікаваная ў часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences.

Выявілася, што наземным сысунам трэба перажыць каля 10 млн пакаленняў, каб дасягнуць максімальнага памеру, гэта значыць, напрыклад, з коткі «выгадаваць» слана.

24 млн пакаленняў дастаткова, каб «выгадаваць» слана з мышы.

Марскім сысунам «прасцей»: яны мяняюцца ў два разы хутчэй.
Магчыма, таму сіні кіт буйнейшы за свайго наземнага «суперніка» — афрыканскага слана — у 30 і больш разоў.

«Прычына ў тым, што ў вадзе буйным быць лягчэй — яна падтрымлівае тваю вагу», — адзначыў Эрых Фіцджэралд, кіраўнік аддзела палеанталогіі пазваночных у музеі штата Вікторыя (Аўстралія) і адзін з аўтараў працы.

Дэградаваць традыцыйна прасцей, чым расці: буйныя віды ператвараюцца ў карлікаў ўсяго за 100 тыс. пакаленняў.

«Нашае даследаванне — першы погляд на тысячагадовую гісторыю эвалюцыі сысуноў з пункту гледжання памераў. Гэта вельмі важна, бо многія прац факусуюцца на мікраэвалюцыі — зменах, якія адбываюцца ўнутры асобнага віду», — патлумачыла адна з аўтараў працы Джэсіка Тэадор з Універсітэта Калгары, словы якой прыводзіць прэс-служба ВНУ.

Падчас працы даследчыкі вывучылі эвалюцыю 28 розных тыпаў сысуноў родам з чатырох найбуйнейшых мацерыкоў — Афрыкі, Еўразіі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, а таксама з усіх акіянаў за апошнія 70 млн гадоў. Тыпы былі абраныя максімальна шырока — напрыклад, адзін тып — гэта ўсе сваякі сланоў, другі — усе драпежныя сысуны. У якасці меры часу былі абраныя пакаленні, а не гады: мышы жывуць два гады, а сланы — 80 гадоў, і тым не менш гэта адно пакаленне. Атрыманыя вынікі адлюстроўваюць суадносіны памеру цела і памеру пакалення для цяперашніх відаў. Гісторыя зніклых відаў была рэканструяваная на падставе дадзеных пра іх сучасную «радню».

Хуткасць падзення памераў уражлівая — «расці ў зямлю» можна ў 10 разоў хутчэй, чым «расці ў неба».

«Шмат хто з відаў, якія страцілі ў памерах (напрыклад, карлікавы слон, карлікавы бегемот), выміраюць. Якія прычыны карлікавасці? Можа, ім трэба было быць маленькімі, каб выжыць у спецыфічным асяроддзі, аднак, магчыма, ім проста не хапала ежы, і невялікі памер адлюстроўваў дрэннае харчаванне на шляху да вымірання», — разважае Тэадор.

Планы на далейшыя даследаванні якраз уключаюць вывучэнне не толькі тэмпаў, але і прычын росту альбо дэградацыі памераў. Навукоўцы мяркуюць, што гэтыя ж фактары часткова адказныя за выміранне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?