Маладыя замежнікі, якія працяглы час жывуць у Менску, распавядаюць пра свае назіранні за Беларуссю і беларусамі.
Гільерма, 27 гадоў (Мексіка).
Сімон, 24 гады (Бельгія).
Даратэя, 33 гады (Германія).
Карлас, 25 гадоў (Перу).
Больш здымкаў глядзіце ТУТ.
Гільерма, 27 гадоў (Мексіка)
Выкладчык іспанскай і валанцёр. Жыве ў Беларусі 1,5 года.
*Малым я марыў зрабіцца касманаўтам, як Юрый Гагарын. Таму заўсёды жадаў вывучыць рускую мову. Пасля ўнівера працаваў інжынерам на заводзе і выкладаў французскую. Назбіраў грошай і рвануў у Еўропу. Вырашыў, што калі зараз сваю мару не ажыццяўлю, потым будзе позна.
*З Мексікі я прыехаў у Прагу, потым у Даўгаўпілс. Але там не было рускамоўнай моладзі. Жанчына з інтэрната мне сказала: «Едзь у Беларусь! Там чыста, людзі добрыя, і ўсе гавораць па-руску». Я і паехаў, хоць ведаў тры факты пра вашую краіну: прэзідэнт – Лукашэнка, сталіца – Менск, калісьці вы былі часткай СССР.
*Спачатку я падумаў, што вывучу тут адразу дзве мовы – рускую і беларускую. Але потым зразумеў, што акрамя метро, чыгуначнага вакзалу і аўтобусаў беларуская нідзе не гучыць.
*Тут фантастычная колькасць прыгожых дзяўчат. Столькі я бачыў толькі на Кубе. Самае дзіўнае, што ў вашай халоднай краіне жанчыны такія гарачыя. Ва ўсіх сэнсах.
*Я палюбіў салёныя гуркі, квашаную капусту, глазураваныя сыркі і чорны хлеб. Апошнім часам мне таксама падабацца гарэлка. Наогул, ваша традыцыя рабіць нарыхтоўкі на зіму – сапраўдны цуд! У нас гэтага няма, бо круглы год ўсё свежае.
*Увесь гэты нефармальны бізнес продажу гародніны і ўсякага кітайскага барахла ў пераходах вельмі нагадвае мне Мексіку. Яшчэ на Камароўцы, дзе прадаюць спецыі, пахне маёй краінай. Да таго ж таджыкі і туркі працуюць як мексіканцы. Яны ўвесь час хочуць табе спадабацца і прымусіць купіць больш. Беларусы ж працуюць на рынку, як на заводзе. Дваццаць грамаў – дык дваццаць грамаў. Здаецца, што ім усё роўна, колькі яны прададуць і ці прыйдзеш ты зноў.
*Мне здаецца, беларусам не хапае жадання жыць лепш і рашучасці нешта змяніць. Вядома, гэта цяжка. Вядома, трэба патраціць шмат сіл і энергіі. Але калі вы самі не захочаце, ніхто вам не дапаможа.
*У беларусах мне больш за ўсё падабацца сумленнасць. Калі дзяўчына ў краме ненавідзіць сваю працу, яна ўсім сваім выглядам будзе гэта паказваць. Калі я падыду да яе, яна не ўсміхнецца, а проста скажа: «Ну, што трэба?» Я не фанат гэтай усеагульнай амерыканскай добразычлівасці, якая зрабілася стандартам для ўсяго свету. Гэта няшчыра.
*Я нейкі час працаваў у рэстарацыі. Шэф-повар, калі нікога не было, часта браў гітару і пачынаў граць настальгічныя песні пра паходы, маладосць і вогнішчы. Усе працаўнікі яму падпявалі амаль са слязьмі на вачах.
Настальгія – вельмі беларускае пачуццё. У вас шмат хто ідэалізуе мінулае, якое б яно ні было.
*У вас тут нейкі культ парадку і чысціні. Хоць часам здаецца, што ўся гэтая прыгажосць не для жыцця, а каб паглядзець. У Мексіцы ў любым зялёным месцы ты можаш зладзіць пікнік або пагуляць у футбол. Тут я неяк пайшоў паляжаць у парк Горкага і ўсё мінакі няўхвальна на мяне глядзелі.
*Каб атрымаць працоўную беларускую візу, трэба сабраць больш папер, чым можа змясціцца ў мяне на стале. Наогул, у нас лічыцца, што бюракратыя ды канфармізм – асноўныя праблемы Мексікі. Мяркую, для Беларусі гэта таксама актуальна.
*У Беларусі магчыма вельмі танна і якасна вывучыць мову. Тут любяць замежнікаў і ніколі не крыўдзяць з-за колеру скуры. Але добрыя грошы зарабіць у вас складана. Асабліва, калі ты інжынер-фізік па адукацыі. Хутка я з’язджаю валанцёрам на чэмпіянат Еўропы па футболе. Пагляджу, якія перспектывы ў Кіеве. Можа, і вярнуся сюды. Пакуль не ведаю.
Сімон, 24 гады (Бельгія)
Піяніст. Жыве ў Беларусі 6,5 гадоў.
*Сем гадоў таму на адным музычным фестывалі я пазнаёміўся з віяланчэлістам з Беларусі, які тут выкладаў. Я ведаў, што ў вашай краіне нядрэнная школа класічнай музыкі і ёсць моцныя піяністы ды скрыпачы. Таму пасля заканчэння школы вырашыў паехаць сюды вучыцца. Спачатку два гады адыграў у ліцэі, цяпер апошні год вучуся ў кансерваторыі.
*Я не гаварыў па-руску, ніхто з маіх знаёмых нічога не ведаў пра вашую краіну. Калі я напісаў у Google «Беларусь», то адразу прачытаў пра Лукашэнку, камунізм, разгон дэманстрацый і дыктатуру. Калі прыехаў на месца, усё аказалася не так страшна: шырокія праспекты, прыгожая архітэктура, шчырыя і добрыя людзі. У прынцыпе, першы год усё выглядае даволі вясёлкава.
*Калі пачынаеш добра гаварыць па-руску, да цябе адразу ставяцца па-іншаму. Могуць нахаміць у краме або распавесці пра нейкія праблемы. У першы год, калі цябе ўспрымаюць як замежніка, вельмі складана нешта зразумець пра краіну і людзей. Таму шмат хто з гасцей і не бачыць у вас нічога дрэннага.
Сучасная беларуская класічная музыка – гэта пара кампазітараў. Астатняе ўсё савецкае і адсталае. Аднойчы я пайшоў на канцэрт Фінберга, але не змог даслухаць да канца. Ці то там вельмі дзіўныя варыяцыі гралі, ці то ён проста дрэнны дырыжор – цяжка было зразумець. Што тычыцца беларускай музыкі, то раней я вельмі любіў N.R.M., Вайцюшкевіча. Усялякую душэўную музыку пратэсту.
*Чысціня вуліц мяне ўжо раздражняе. Мне да спадобы, калі на сценах графіці і трафарэты. Бо гэта таксама мастацтва, і сярод яго больш прыемна жыць, чым у нейкім стэрыльным шпіталі. Дзіўна, калі кажуць, што самае галоўнае ў Менску – яго чысціня ды парадак. Якіх турыстаў гэтым хочуць прыцягнуць?
*Часам мне падаецца, што беларусаў не 10 мільёнаў, а максімум – двое. Большасць не ведае сваіх паэтаў, музыкаў, мастакоў, нават не размаўляе на роднай мове і слаба ўяўляе мінулае свайго народу. Такое пачуццё, што ім толькі б паесці, паспаць і паглядзець тэлевізар.
*Амаль увесь час тут я пражыў у інтэрнаце. У мяне былі выдатныя суседзі па пакоі, але былі і такія людзі, якія заходзілі ў мой пакой не пагрукаўшы ў дзверы, сядалі на ложак і бралі маю ежу з лядоўні. Наогул, павага да асабістай прасторы – тое, чаму беларусам трэба вучыцца.
*Я вегетарыянец з 12 гадоў. Калі ты не ясі мяса ў Беларусі, то ўсе чамусьці хочуць цябе пераканаць і ўперці якую-небудзь катлету.
*Быў час, калі я хадзіў на ўсе мітынгі. Было цікава глядзець, як людзі змагаюцца за сваю свабоду. Як гэта можа не цікавіць музыку?
*
Я быў на Плошчы 19 снежня. Уцякаў ад амапаўцаў.Потым тэлефанавалі, прыходзілі ў кансерваторыю ды інтэрнат, але ў мяне неяк атрымоўвалася ад іх уцячы. У выніку, каб мяне запалохаць, пачалі ціснуць на тое, што я не жыву па месцы прапіскі, у інтэрнаце. Я звярнуўся ў праваабарончы цэнтр «Вясна», там мне далі адваката. Але ўсё я роўна атрымаў штраф 10 базавых.
*Я палюбіў Беларусь. Але ўсё часцей я думаю, што люблю тое, чаго насамрэч няма. Мяне вельмі ўражваюць беларускія вёскі, ручнікі, паганскія абрады, ціхія менскія вуліцы. Ад гэтага ўсяго можна расплакацца. Я люблю сваіх беларускіх сяброў. Але ўсё, што мне сапраўды тут падабаецца, знікае, а большасць сяброў хоча з’ехаць у Еўропу.
*Часам узнікае пачуццё, што ў Беларусі час спыніўся і ты нічога не можаш зрабіць. Для моладзі, для чалавека, які хоча нешта змяняць, гэта дрэннае пачуццё. Улетку мы з маёй беларускай жонкай паедзем вучыцца ў ЗША або Швейцарыю. У сённяшняй Беларусі я жыць не хачу.
Даратэя, 33 гады (Германія)
Менеджар адукацыйных праграм. Жыве ў Беларусі 3,5 гады.
*Першае ўражанне ад Беларусі? Вельмі холадна. Я прыехала сюды вясной, а аказалася, што каляндарная вясна мае мала дачынення да сонца і цяпла. Я ў жыцці не думала, што буду скардзіцца на зіму, усё ж такі я родам з Германіі… Але зіма ў вас цягнецца вельмі доўга.
*Сумую па нямецкім піве. З беларускіх страваў больш за ўсё люблю пельмені. У нас на кухні доўгі часу ляжала нейкая дзіўная рэч, аказалася – пельменніца. Цяпер мы навучыліся ёй карыстацца. Наогул, ежа ў вас вельмі тлустая, так у Германіі гатавалі ў часы маёй бабулі. Напэўна, гэта звязана з кліматам.
*Калі першы раз трапляеш сюды, здаецца, што тут савецкі лад.
Усё зроблена, каб ўразіць, а не каб зручна жыць або паказаць чыю-небудзь індывідуальнасць.
*У беларусах мяне больш за ўсё здзіўляе тое, што іх нічога не здзіўляе. Нешта адбываецца, нейкія абнаўленні або нейкія праблемы, а яны кажуць: «Ну што ж, бывае! Жывем далей!» Калі б у Германіі кошты выраслі ў тры разы, паўкраіны выйшла б на вуліцы.
*Уражваюць кароткія спадніцы дзяўчат у мінус 20 градусаў. Тое, як вашы жанчыны клапоцяцца пра сябе. Добра, калі хочаш здзіўляць усіх сваёй прыгажосцю штодня. Але я лепш пасплю, чым выдаткую дзве гадзіны, каб у звычайны працоўны дзень нафарбавацца і апрануцца.
*Я па працы сачу за шматлікімі СМІ. Увесь час чытаю парталы і друкаваныя выданні. Больш за ўсё люблю «БелГазету» – у ёй ёсць карыкатуры, фірмовы стыль, іронія ў тэкстах.
*Дзесьці два разы на месяц наведваю сапраўдную грамадскую лазню на Маскоўскай. Гэта месца, дзе я чую шмат цікавых рэчаў пра Беларусь. Мне распавядалі, што фінскі парламент, калі не можа вырашыць нейкія пытанні, усім складам ідзе ў сауну. У беларусаў падобны падыход.
*Што параіць немцам, якія едуць у Беларусь? Будзьце гатовыя да імправізацыі, паспрабуйце як мага далей ад’ехаць ад Менска і шмат гаварыце з людзьмі. Беларусы вельмі прыязныя і адкрытыя, калі знайсці да іх падыход.
*Цешыць, што беларусы ў апошнія тры гады адкрылі для сябе ровары. Яшчэ цешыць, што шмат хто пачаў задумвацца пра экалогію і ахову прыроды. Хаця у нас побач з домам так паставілі кантэйнеры для раздзельнага збору смецця, што ў два з іх нічога нельга было выкінуць. Чаму?
*Я жыву, каб абвяргаць стэрэатыпы пра немцаў. Напрыклад, часта спазняюся. Так што ўсе гэтыя абагульненні вельмі небяспечныя. Можна такі плот са стэрэатыпаў у сваёй галаве пабудаваць, што не пабачыш чалавека.
Карлас, 25 гадоў (Перу)
Апошнім часам працаваў поварам. Жыве ў Беларусі 7 гадоў.
*Мяне сюды бацькі адправілі. Праз паўгода я ўжо хацеў збегчы з Беларусі, але яны прымусілі застацца. Сказалі, што трэба пасталець.
*Курсы повара скончыў яшчэ ў Ліме. Тут вучыўся ў БДУ на міжнародным праве. Паралельна шмат дзе працаваў. Цяпер людзі расплюшчылі вочы і пачалі рабіць нешта для сябе. Раней сябры глядзелі на мяне і здзіўляліся: «Навошта табе дзве працы?» Цяпер сітуацыя змяняецца – есці хочацца ўсім.
*У Беларусі кошт праезду падымаецца ў некалькі разоў, і нічога не адбываецца! У Перу натоўп людзей выйшаў бы на вуліцу – і праз два дні ўсё б стала нармальна. У нас улада баіцца людзей. Гэта тое, што трэба. Тут усё наадварот – і гэта няправільна. Мы аплочваем іх заробак. Яны павінны працаваць на нас.
*Людзі ў Беларусі баяцца міліцыі. Схадзілі з сябрамі неяк выпіць, ідзем па вуліцы да машыны. Побач міліцыянты. Усе сябры чамусьці кажуць: «Карлас, спакойна, не крычы». А хто яны такія? Яны мяне проста ахоўваюць.
Міліцыянтам чамусьці здаецца, што мы павінны хадзіць на дыбачках перад імі.
*Тут ставяцца да звычайных людзей як да жывёлы. Падыдзі, зрабі, дай, не перашкаджай. Чыноўнікі проста ўсіх выкарыстоўваюць. Мільён заробку – як можна працаваць?
*Я працаваў юрыстам у офісе насупраць Трактарнага завода. Часта сыходзіш з працы, і завадскія таксама вяртаюцца. Усе ідуць у краму, купляюць гарэлку і бухаюць адразу на месцы. І так штодня! У Перу столькі не п’юць.
*Калі я толькі прыехаў, мне падалося, што беларусы вельмі грубыя і некультурныя. Але потым я зразумеў, што гэта не іх віна. Яны атрымліваюць такі малы заробак, што ўвесь час злыя і раздражнёныя. Плаціце нармальна – і ніхто не будзе красці, усе будуць да людзей нармальна ставіцца. Хоць я ўжо да ўсяго тут прывык.
*У Беларусі шмат жанчын з нейкім дзіўным рэфлексам на замежнікаў: «М-м-м… Перуанец!» Спачатку табе нават прыемна, бо тут шмат прыгожых дзяўчат. Але прыгажосць – гэта не галоўнае. Важна, каб можна было размаўляць гадзінамі, каб была разумная, цікавая і, прабачце за грубасць, каб не выё*валася.
*Калі б я пераскочыў на сем гадоў назад, дакладна застаўся б у Перу.