Вынесены прыгавор двум жыхарам Брэста, якія згвалтавалі і забілі з асаблівай жорсткасцю дзяўчыну

Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда 8 чэрвеня вынесла прыгавор двум 24-гадовым жыхарам Брэста, якія згвалтавалі і забілі з асаблівай жорсткасцю дзяўчыну.

Як паведаміў БелаПАН намеснік начальніка аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Генадзь Буры, які падтрымліваў абвінавачанне па справе, цела дзяўчыны з прыкметамі гвалтоўнай смерці было знойдзена 2 кастрычніка 2011 года ў вадаёме вяслярнага канала Брэсцкага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па веславанні.

Па выніках папярэдняга расследавання абвінавачанне ва ўчыненні злачынства было прад’яўлена двум раней неаднаразова судзімым брэстаўчанам, у тым ліку за збіванне маладых жанчын з хуліганскіх намераў.

«Адзін з абвінавачаных нідзе не працаваў, за дзень да забойства вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі. Другі — два тыдні як уладкаваўся рабочым у адну з будаўнічых арганізацый абласнога цэнтра. У школе яны вучыліся ў адным класе», — дапоўніў Буры.

Па падазрэнні ва ўчыненні гэтага злачынства хлопцаў затрымалі 2 кастрычніка 2011 года. Устаноўлена, што яны забілі дзяўчыну ў ноч з 1 на 2 кастрычніка.

Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда прызнала іх вінаватымі ва ўчыненні забойства групай асоб з асаблівай жорсткасцю, спалучанага са згвалтаваннем і іншымі гвалтоўнымі дзеяннямі сексуальнага характару (п.п. 6,7 і 15 ч. 2 арт. 139; ч.2 ст. 166 і ч.2 арт. 167 Крымінальнага кодэкса).

Адзін з абвінавачаных прыгавораны да 25 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, другі — да 23 гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.

Прысуд законную моц пакуль не набыў і можа быць абскарджаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?