Дэпутат нямецкага бундэстага Марылуіза Бек падтрымала кампанію салідарнасці з палітзняволеным Сяргеем Каваленкам, паведамляе сайт www.freekavalenka.org.

«Сяргей Каваленка за сваю паслядоўную палітычную пазіцыю і выкарыстанне асноўных правоў на свабоду выказвання трапіў у турму, зведвае катаванні і жорсткае абыходжанне. Тым самым ён падзяліў лёс іншых вязняў сумлення ў Беларусі. Усе яны ахвяры рэжыму, які не баяцца выкарыстоўваць усе даступныя метады для запалохвання сваіх палітычных апанентаў. Рэжым спрабуе сталінскімі метадамі псіхічна і фізічна зламаць апазіцыянераў», — гаворыцца ў лісце Бек.

Яна падкрэсліла, што беларускі рэжым «сам ізалюецца ад Еўропы з-за шматлікіх парушэнняў асноўных правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў».
«Мы заклікаем беларускі рэжым паважаць агульныя еўрапейскія каштоўнасці. Сяргей Каваленка і іншыя палітычныя зняволеныя павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя і рэабілітаваныя», — заявіла нямецкі дэпутат.

Сайт у падтрымку Сяргея Каваленкі freekavalenka.org створаны офісам еўрадэпутата ад Польшчы Марэка Мігальскага. На гэтым рэсурсе размешчана дэталёвая інфармацыя па справе Каваленкі і пра ўсе акцыі і ініцыятывы ў падтрымку палітзняволенага.

Акрамя таго, на сайце Change.org размешчана петыцыя на адрас беларускіх улад з патрабаваннем вызваліць і рэабілітаваць Каваленку. Яе падпісалі ўжо 1.800 чалавек.

***

Сяргей Каваленка быў затрыманы 19 снежня 2011 года па абвінавачанні ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе пра пакаранне, вынесенае апазіцыянеру ў маі 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы ў Віцебску. У лютым гэтага года Каваленку асудзілі на два гады і адзін месяц пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля затрымання ён абвясціў галадоўку пратэсту, якая доўжылася з невялікімі перапынкамі прыкладна два месяцы.

18 мая Віцебскі абласны суд адмовіўся задаволіць касацыйную скаргу Каваленкі на прысуд. У магілёўскую калонію апазіцыянер быў этапаваны 19 мая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?