Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) прапаноўвае правесці апытанне працуючых жыхароў Беларусі адносна планаў урада павысіць адлічэнні ў Фонд сацыяльнай засцярогі насельніцтва.

Як паведамляе прэс-служба ФПБ, «ва ўрадзе зноў на поўным сур’ёзе абмяркоўваюць перспектывы павышэння адлічэнняў у Фонд сацабароны насельніцтва (ФСАН) з зарплат беларусаў». Пры гэтым, нагадваюць у федэрацыі, каля года таму наймальнікі выступілі з прапановай пераразмеркаваць нагрузку па выплатах у ФСАН паміж работнікамі і прадпрыемствам.

«Сёння працаўнік выплачвае 1% ад заработнай платы штомесяц, наймальнік — 34%, а прапаноўваецца зрабіць так, каб работнік плаціў з зарплаты 15%, а яго наймальнік — 19%.
На думку распрацоўшчыкаў, гэта павінна палепшыць умовы вядзення бізнесу і павысіць інвестыцыйную прывабнасць краіны», — адзначаюць у ФПБ, якая выступае супраць «такога лабіравання інтарэсаў групы прыватных уласнікаў». «Пазіцыю нацыянальнага прафцэнтра падтрымалі і ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны», — паведамляе прэс-служба ФПБ.

«Каб даведацца стаўленне да магчымых наступстваў сваіх рашэнняў, ураду варта спытаць у народа: хто кожны месяц згодны даплачваць за бізнесменаў-прыватнікаў мільён з сямейнага кашалька? Федэрацыя прафсаюзаў са свайго боку гатовая арганізаваць такі маніторынг», — адзначаюць у прэс-службе прафсаюза.

Як падкрэсліваюць у ФПБ, на сёння сярэдняя зарплата па краіне вагаецца ў межах 3–3,5 млн. рублёў.
«Невысокія заробкі на фоне дарагога жыцця становяцца праблемай для людзей. І зразумець іх можна. Бо павышаецца ступень іх удзелу ў фінансаванні затрат на жыллёва-камунальныя паслугі і паслугі транспарту, працягваецца лібералізацыя цэн на прамысловыя і харчовыя тавары», — адзначаюць у прэс-службе.

Пры заработнай плаце ў 3–3,5 млн. рублёў павелічэнне адлічэнняў у Фонд сацабароны насельніцтва з 1% да 15% прывядзе да таго, што кожны працуючы беларус у сярэднім страціць ад 450 да 525 тыс. рублёў (замест 30–35 тысяч, як раней) з заработнай платы ў месяц.

«У гэтай сувязі Федэрацыя прафсаюзаў яшчэ раз пацвярджае раней выказаную пазіцыю аб недапушчальнасці пераразмеркавання адлічэнняў у ФСАН паміж наймальнікамі і работнікамі. Падобнае рашэнне пацягне за сабой яшчэ большае падзенне сацыяльных даходаў насельніцтва, лічаць у прафарганізацыі», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ФПБ.

«Нам кажуць: наймальнік павялічыць работніку зарплату. Але ці шмат знойдзецца наймальнікаў, якія па добрай волі поўнасцю захочуць кампенсаваць работнікам страты, а пасля гэтага яшчэ і павысіць ім зарплату, з якой давядзецца плаціць дадатковыя падаткі? Значна прасцей будзе выплачваць яе „ў канвертах“. Затое ў статсправаздачах чыноўнікаў, можна не сумнявацца, будзе красавацца патрэбная лічба. І заўважце: для таго каб яе паказаць, зусім неабавязкова павышаць прадукцыйнасць працы і да мінімуму зніжаць сабекошт прадукцыі», — лічаць у ФПБ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?