Улады самі падштурхоўваюць людзей да байкоту выбараў, заявіў 17 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску каардынатар кампаніі партыйнага назірання «За справядлівыя выбары» Сяргей Калякін.

Ён адзначыў, што напярэдадні выбараў «у нас практычна няма прапаганды таго, што выбары ідуць». «Няма вялікай інфармацыйнай працы. У мінулыя гады была такая праца, ролікі круцілі, выбары, заўтра галасаванне, прыйдзі, прагаласуй, не забудзь… Нічога падобнага сёння няма. Узнікае ўражанне, што наогул няма выбарчай кампаніі, за выключэннем тых выступленняў, якія адводзяцца кандыдатам у дэпутаты на тэлебачанні і радыё», — сказаў Калякін.

«Нават сёння, калі кандыдаты сустракаюцца з людзьмі, за дзень да датэрміновага галасавання, тыя задаюць пытанне: „Якія выбары?“

І кандыдатам даводзіцца тлумачыць, якія ў нас вырабы, што адбываецца. І многія сапраўды кажуць, што на выбары не пойдуць», — адзначыў палітык.
Паводле яго слоў, у яго ёсць адчуванне, што выбаршчыкі на ўчасткі для галасавання не прыйдуць.
«Але гэта нашы ўражанні, адчуванні, яны суб’ектыўныя. Я больш давяраю сацыялогіі, якая ёсць, і пакуль яна паказвае, што большасць, каля 70% насельніцтва, на выбары ўсё ж пойдзе. Паглядзім, як гэта будзе», — сказаў Калякін.

Ён падкрэсліў, што назіранне за яўкай выбаршчыкаў з’яўляецца адным з асноўных задач кампаніі «За справядлівыя выбары». «Па выніках гэтага назірання мы зможам сказаць, прыйшоў народ на выбары ці не», — падкрэсліў палітык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?