Акудовіч пра Нобеля: Пасля 2022 года наш супольны шлях канчаткова разрываецца
Нобелеўская прэмія Бяляцкаму — гэта першая прэмія «беларускаму» беларусу, чалавеку, які з дзяцінства змагаўся за вольнасць Беларусі, прычым амаль што на ўсіх франтах. І таму гэты Нобель асабліва круты, піша ў канале «Беларускі Бабілон» гісторык і экскурсавод Цімафей Акудовіч. Але не толькі таму.
08.10.2022 / 15:22
«Ідэя пра супольнае ўшанаванне трох арганізацый мне таксама падаецца ўдалай.
Таму што папярэдні наш Нобель таксама быў «трынародны», бо нададзены быў постсавецкай пісьменніцы Алексіевіч, звязанай і з Беларуссю, і з Украінай, і з Расіяй.
І тая прэмія таксама была прынцыпова антыімперская і нават антыпуцінская. Бо высвечвала, разбірала на часткі «чырвонага чалавечка».
Нобелеўскі камітэт спрацаваў вельмі элегантна: сённяшняя прэмія узнагародзіла тых, хто змагаўся з гэтым чырвоным чалавекам апошнія 30 год.
Ну і нікуды не дзенешся ад таго, што да 2022 года мы ў такіх глабальных падсумаваннях, як Нобель, ідзем адной абоймай. Бо кожны сваім шляхам спрабаваў вытравіць з сябе савецкае балота.
А вось з 2022 года гэты супольны шлях канчаткова разрываецца. Бо ва ўкраінцаў атрымалася, у беларусаў яшчэ не, а рускія, верагодна, залазяць у яго назад.
Так што ўсё добра падсумаваў Нобелеўскі камітэт», — падкрэслівае Цімафей Акудовіч.