Найлепшыя шматсерыйныя стужкі, якія можна ўбачыць у першым месяцы восені. У нашым спісе будуць як прэм’еры, гэтак і серыялы, якія вяртаюцца ў эфір пасля перапынку.

«Двойка» (The Deuce)

Гістарычная драма. ЗША, 3-і сезон

Двойка — гэта раён Нью-Ёрка на Манхэтэне, вядомы сваімі забавамі: прастытуткі, порнатэатры, наркотыкі, бары. Гэты серыял пераносіць у дзівосны свет Нью-Ёрка 1970-х. У цэнтры сюжэта — уздым індустрыі порна. Калі яшчэ ў пачатку серыяла яна знаходзіцца ў зусім зародкавым стане, то з часам гэта становіцца магутным бізнэсам. Пачынаецца ўсё з кабінак, дзе за пару даляраў можна было глядзець самыя розныя сэксуальныя сцэнкі, а сканчваецца пышнымі прэзентацыямі новых фільмаў для дарослых у кінатэатрах.

Гэта свет ЗША да СНІДу, калі ўсе яшчэ не так баяліся выпадковага неабароненага сэксу. Жыццё прастытутак, якія з часам перабіраюцца з вуліц у бардэлі. Прадажнасць і сумленнасць нью-ёркскай паліцыі. Разборкі бандаў: ірландскіх, італьянскіх, яўрэйскіх. Калі хочацца пагрузіцца ў той час, то лепшага серыяла цяжка знайсці.

«Містар Мерседэс» (Mr. Mercedes)

Дэтэктыў. ЗША, 3-і сезон

Стывен Кінг — гэта не толькі кароль жахаў, але і вельмі добры дэтэктыўшчык. «Містэр Мерседэс» — серыял, зняты паводле яго 62-га рамана. У цэнтры стужкі — адстаўны афіцэр паліцыі Біл Ходжас. У яго абсалютна невыносны характар, праблемы з выпіўкай, ён неахайны і не дужа сочыць за сваім харчаваннем. Затое кожны яго ранак пачынаецца з таго, што ён корміць капустай чарапаху.

І хоць Ходжэс сышоў на пенсію, яму не дае спакою адна справа. Невядомы скраў мерседэс, на якім уразаецца ў натоўп, забіваючы шаснаццаць людзей. Забойца ўдала хаваецца, але яму хочацца прызнання, таму ён кідае выклік Ходжэсу. Што за людзі, якія здольныя пайсці на такія забойствы, які іхні партрэт, што за гэтым стаіць? У «Містары Мерседэсе» шмат адказаў на гэтыя пытанні.

«Амерыканская гісторыя жахаў» (American Horror Story)

Жахі, звышнатуральнае. ЗША, 9-ы сезон

Гэта анталогія самых загадкавых і невытлумачальных гісторый, якія адбываліся ці маглі адбывацца ў гісторыі ЗША. Кожны сезон разгортваецца ў новым месцы і ў іншым часе. Напрыклад, пачынаецца серыял у Лос-Анджэлесе ў 2011 годзе, другі сезон ужо пераносіцца ў Масачусетс узору 1964 года. Ёсць цэлы сезон, прысвечаны Трампу, а дакладней той складанай псіхалагічнай атмасферы, якая папярэднічала выбарам і першым месяцам пасля іх.

Новы сезон называецца «1984», але не трэба тут шукаць Оруэла. Дзеянне адбываецца ў летнім лагеры Рэдвуд, куды прыязджаюць сябры з Лос-Анджэлеса. Канечне, будуць страшныя гісторыя ля вогнішча. Але сапраўды жах пачынаецца, калі ў лагеры з’яўляецца забойца ў масцы, што ўцёк з вар'ятні.

«Добры доктар» (The Good Doctor)

Медыцынская драма. ЗША, 3-і сезон

Памятаеце доктара Хаўса? Так? Цяпер забудзьце, бо «Добры доктар» — гэта поўная процілегласць Хаўсу. Канечне, тут таксама будзе шмат медыцынскіх загадак і ўнікальных выпадкаў, якія будуць хутчэй нагадваць добры дэтэктыў. А галоўны герой, нібыта Шэрлак Холмс, будзе шукаць доказы і раскрываць справу.

Шон Мёрфі — надзвычай таленавіты доктар, які пераязджае ў Сан-Хасэ з правінцыйнага Ваёмінга. Ягоным ведам і нестандартным рашэнням можа пазайздросціць любы спецыяліст са стажам. Ёсць толькі адна, але зусім не дробная акалічнасць. У Шона Мёрфі аўтызм, і гэта замінае многім аб’ектыўна паглядзець на ягоныя здольнасці.

«Неверагоднае» (Unbelievable)

Дэтэктыў. ЗША, 1-ы сезон

Дзяўчынка-падлетак Мары Адлер звяртаецца ў паліцыю з заявай, што яе згвалтавалі. Яна ўмольвае, каб падонка арыштавалі і пакаралі. Ёй кажуць, што гэтая гісторыя зусім непраўдападобная і недарэчная. На наступны дзень яна ўжо забірае сваю заяву. Аднак два дэтэктывы ўсё ж бяруцца за расследванне справаў са згвалтаваннямі, яны выходзяць на серыйнага злачынцу. Серыял заснаваны на рэальных падзеях.

Глядзі таксама: Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у жніўні

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру