Знайсці
25.04.2013 / 10:4237РусŁacБел

Першыя паказы «Жыве Беларусь» у Польшчы прайшлі пры паўпустых залах

Прысутным беларусам фільм спадабаўся, але расстроіла, што «не было ніводнага паляка».

У Польшчы ў шырокі пракат выйшаў фільм Кшыштафа Лукашэвіча «Жыве Беларусь» — драма пра беларускую моладзь. «Наша Ніва» распытала беларусаў, якія трапілі на першыя паказы, пра рэакцыю на фільм беларускай і польскай публікі.

Святлана Панкавец: Я хадзіла ў кіно ў Гданьску, ў дзень прэм'еры — 19 красавіка. На жаль, фільм паказваюць не ў самай папулярнай сетцы кінатэатраў. Мы прыйшлі дастаткова вялікай кампаній, у асноўным беларусы. Толькі два палякі былі з намі, якія даўно цікавяцца Беларуссю, і не раз там былі. Фільм спадабаўся. Адзінае, што вельмі псавала ўражанні, гэта жахлівыя акцэнты актораў -- не толькі палякаў, але і беларусаў. Былі моманты, калі зусім былі не зразумелыя дыялогі, тады сітуацыю ратавалі цітры.

НН: А рэакцыя палякаў? Што ўразіла аўдыторыю?

СП: Калі зайшлі ў залу, зрабілася вельмі сумна, што фільм не выклікаў ніякай зацікаўленасці сярод палякаў. У зале сядзела толькі 5 чалавек, таму цяжка акрэсліць, ці аўдыторыю штосьці ўразіла. Склалася ўражанне, што фільм занадта «перамаляваны», але трэба браць пад увагу тое, што гэта мастацкі фільм, і там заўсёды так... Палякі не могуць паверыць, што ў Беларусі сапраўды могуць забараняць размаўляць па-беларуску, гэта для іх выглядае абсурдам.

Мікіта Красноў навучаецца ў Торуні. Ён расказвае, што там паказа таксама прайшоў пры пустой зале.

МК: На вечаровым сеансе 19 красавіка, першы дзень паказу, зала была пустая. Цяпер пра фільм расказала ва ўніверсітэце Дарота Міхалюк [прафесарка беларускага паходжання], запрасіла студэнтаў — магчыма, тады можна будзе нешта сказаць пра рэакцыю палякаў. Фільм мне спадабаўся, але часам хацелася, каб было бліжэй да рэчаіснасці. Калі глядзець «Жыве Беларусь» як мастацкае кіно, то ўражанне будзе адным, але калі паспрабаваць убачыць праз стужку сітуацыю ў Беларусі, то яно будзе памылковым. Песні Вольскага былі суперскія, і больш за ўсе спадабаліся дзяды ў войску. Але калі перабольшваюць пра Беларусь там, дзе не патрэбна: бамжаватыя дзеці, разбураная школы, непрацуючыя унітазы ў войску і г.д. — непрыемна.

Іван Шыла вучыцца ў Катавіцах. Ён сам мог стаць героем фільма, бо і «палітычны», і адслужыў у войску ў Лепельскім раёне.

ІШ: Фільм спадабаўся, але на праглядзе не было ніводнага паляка. Я спытаў у супрацоўнікаў кінатэатра, ці ходзяць на «Жыве Беларусь». Пасля паўзы яны адказалі, што не ходзяць. Агулам, кіно патрэбнае і вартае. І зусім нават не замежнікам, як пішуць.

Выглядае, што польскую публіку «беларуская драма» не зацікавіла. Гэта можа аказаць негатыўнае ўздзеянне на фінансаванне іншых кінапраектаў пра Беларусь. Прадзюсары могуць палічыць, што тэма безнадзейная.

Чаму палякі «не пайшлі на фільм»? Справа можа быць як у стужцы, у «чорным» сюжэце, так і ў рэкламе, няправільных акцэнтах. Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба пачакаць дакладнейшай статыстыкі, у тым ліку з Варшавы і Кракава з іх інтэлектуальнай публікай.

Юрась Ускоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера