Карабель для здымак першага ў свеце фільма ў космасе стартаваў да МКС
Карабель запусцілі з касмадрома Байканур. Расійскія актрыса Юлія Перасільд і рэжысёр Клім Шыпенка ўпершыню ў гісторыі будуць здымаць мастацкі фільм у космасе. Ім удалося апярэдзіць у рэалізацыі гэтай ідэі Тома Круза, паведамляе РБК.
ТАСС
Ракета «Саюз-2.1 а» з караблём «Саюз МС-19», на борце якога знаходзяцца рэжысёр Клім Шыпенка і актрыса Юлія Перасільд, стартаваў да Міжнароднай касмічнай станцыі (МКС) з касмадрома Байканур. Шыпенка і Перасільд адправіліся ў космас амаль на два тыдні, да 17 кастрычніка, для здымак фільма з працоўнай назвай «Выклік».
Ракету-носьбіт назвалі ў гонар другога касманаўта планеты Германа Цітова. Узначальвае экіпаж касманаўт Антон Шкаплераў. Стыкоўка з МКС павінна адбыцца пасля 15-й гадзіны.
Цікава, што беларус Алег Навіцкі, які цяпер знаходзіцца на арбіце, саступіць сваю каюту ў модулі Юліі, а сам часова будзе начаваць у бытавым адсеку «Саюз МС-18» у спальным мяшку. А Шыпенка будзе начаваць у новай каюце ў модулі «Навука» (альбо ў каюце Навіцкага, а ў «Навуку» адправіцца Перасільд — канчаткова ўсё будзе вырашана на арбіце). Прычым паведамляецца, што Алег Навіцкі нават сыграе пацярпелага касманаўта.
Пра намер зняць мастацкую стужку ў космасе ў верасні 2020 года заявіў «Раскосмас». Фільм-драма «Выклік» з'яўляецца сумесным праектам касмічнага агенцтва «Першага канала» і студыі Yellow, Black and White.
Да гэтага, у маі, стала вядома аб падрыхтоўцы кіназдымак на МКС з удзелам амерыканцаў: акцёра Тома Круза і рэжысёра Дага Лаймана.





