Знайсці
19.01.2023 / 17:131РусŁacБел

Жанчына заклала кватэру і залезла ў даўгі, каб аплачваць паслугі анлайн-варажбіткі

Жыхарка Барысава, беспаспяхова шукаючы сабе мужа, вырашыла ўрэшце прычараваць яго з дапамогай варажбіткі. Але гэта была кепская ідэя, піша агенцтва «Мінск-Навіны» на падставе інфармацыі Следчага камітэта.

52-гадовая жыхарка Барысава вельмі хацела знайсці сабе спадарожніка жыцця, але праз сайты знаёмстваў зрабіць гэта ёй не ўдавалася.

Тады яна звярнула ўвагу на аб'яву ў інтэрнэце ад варажбіткі. Тая прапаноўвала здымаць сурокі, праводзіць розныя абрады, спрыяць бізнэс-поспехам і г. д.

Жанчына расказала анлайн-варажбітцы пра свае праблемы. Тая абяцала дапамагчы, але патрабавала за гэта грошай. Прытым у вымаганні іх праяўляла вялікую вынаходлівасць. Так, буйную суму жанчына перавяла на рахунак варажбіткі за пазбаўленне ад алкагольнай залежнасці аднаго з патэнцыйных кавалераў, а таксама за лячэнне іншага. У некалькі тысяч даляраў абышліся ачыстка кватэры жанчыны і дастаўка ёй пасылкі з Ерусаліма з чэрапам і свечкай.

Жанчына была адзінокая, без блізкіх сваякоў і сяброў, і ў асобе варажбіткі знашла блізкага чалавека, якому давярала, дзялілася патаемным і за ўсё плаціла. І нават калі ўласныя грошы на аплату паслуг новай сяброўкі скончыліся, жанчына не спынілася і стала афармляць крэдыты ў банках, а калі іх перасталі даваць, то заклала кватэру.

Усяго за паслугі анлайн-варажбіткі барысаўчанка пералічыла больш за 30 тыс. рублёў. І толькі пасля размовы са святаром яна нарэшце зразумела, што стала ахвярай махляркі, і звярнулася ў міліцыю.

Варажбітку хутка затрымалі, ёй аказалася 28-гадовая жыхарка Гомеля, маці траіх дзяцей. Яна расказала, што размясціла аб'яву і зарабляе такім чынам ужо даўно. Цяпер высвятляецца, ці ёсць яшчэ пацярпелыя ад дзеянняў гэтай махляркі.

Улетку 2022 года гэтая жанчына, дарэчы, была асуджаная за здзяйсненне аналагічнага злачынства, але мінулы раз ёй удалося зарабіць нашмат менш. Тым не менш жанчына не спынілася і працягнула падманваць даверлівых людзей.

Дзеянні жанчыны кваліфікаваныя следствам па ч. 3 арт. 209 КК («Махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры»). Яе ўзялі пад варту.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Реалистка/адказаць/
31.01.2023
52 года, а... (((
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
26272829