Інтэрнэт смяецца з «рэканструкцыі» Курскай бітвы ў спартзале. На яе патрацілі каля $30000
У Самарскай вобласці набірае абароты скандал, звязаны з вылучэннем грамадскай арганізацыі з расійскага Прэзідэнцкага фонду культурных ініцыятыў 2 млн 175 тысяч рублёў на правядзенне гісторыка-патрыятычнага фестывалю для дзяцей і падлеткаў. Яе ўзровень не вытрывалі нават «патрыятычныя» сілы Расіі.
Фота: Праект «Гісторыка-патрыятычны фестываль для дзяцей і падлеткаў «Помню і ганаруся!»
Кадры, на якіх адны падлеткі выдаюць сябе за нямецкіх салдат, а іншыя — за вайскоўцаў СССР, былі знятыя ў лістападзе — снежні 2022 года ў будынку Сызранскага філіяла Самарскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, піша «Блокнот». Палова студэнтаў на відэа ў форме салдат Вермахта, астатнія выглядаюць як чырвонаармейцы.
Разбіўшыся на дзве групы, яны ходзяць па спартыўнай зале, штурхаючы бутафорскія танкі. Калі глядзець ролік з гукам, то чуваць, як гледачы, назіраючы за гэтай карцінай, смяюцца.
Фота: Праект «Гісторыка-патрыятычны фестываль для дзяцей і падлеткаў «Помню і ганаруся!»
Арганізатар акцыі Сяргей Іваноў — дэпутат, у Сызранскай Думе ўваходзіць у фракцыю «Адзіная Расія». Ён упэўнены, што нападкі на яго звязаныя з будучымі выбарамі ў гарадскі парламент.
«Топяць не толькі мяне, але і іншых маіх калег з «Адзінай Расіі», — сказаў Іваноў «Блокноту». — Нашы апаненты стварылі ў сацсетцы «ВКонтакте» старонку, дзе паліваюць нас брудам».
Іваноў распавёў, куды былі зрасходаваны сродкі прэзідэнцкага гранта: пераносная выстава герояў ВАВ — ураджэнцаў Сызрані, муляжы аўтаматаў, аплата паслуг відэааператара, зарплата бухгалтара, форму «прыйшлося шыць на замову, таму што ў краме яе не купіш».





