Знайсці
23.03.2023 / 21:16РусŁacБел

Хочаце схавацца ад суседа і цікаўных вачэй? Гэтыя расліны вам дапамогуць

Стварэнне жывой агароджы не толькі абароніць ваш участак ад няпрошаных гасцей і цікаўных позіркаў, але і значна знізіць шум з вуліцы, затрымае вулічны пыл і парадуе вока.

Зялёная агароджа прыгожа раздзяляе суседнія дачныя ўчасткі

Для гэтага падыходзяць не толькі хвойныя пароды, але і дэкаратыўныя расліны. Іх выбар залежыць ад многіх фактараў:

  • характару глебы і колькасці сонечнага святла;
  • наяўнасці падземных камунікацый;
  • хуткасці росту раслін і вашага густу.

Класічныя кусты

Безумоўна, самая папулярная расліна — гэта туя. Яна вечназялёная, хутка расце і не патрабуе асаблівага догляду. На рынку ёсць кусты розных адценняў зялёнага колеру.

Туя. Фота: Wikimedia Commons

На другім месцы знаходзіцца ціс. Гэта хвойная ценевынослівая вечназялёная расліна вырастае да 10 метраў вышынёй. Акрамя таго, восенню яна радуе аранжава-чырвонымі пладамі. Але трэба памятаць, што ціс — расліна атрутная і любіць абароненыя ад ветру і маразоў месцы.

Ціс. Фота: Wikimedia Commons

Добрымі дэкаратыўнымі якасцямі надзелены барбарыс. Ён цвіце жоўтымі кветкамі, якія пазней ператвараюцца ў аранжава-чырвоныя, пурпуровыя або сінявата-чорныя ягады. Расліна не патрабавальная да глеб і засухаўстойлівая. Аднак ёй трэба шмат святла. І расце яна не надта высока.

Паўзучыя расліны

Паўзучыя расліны кожны год выпускаюць новыя атожылкі-ліяны. Яны аплятаюць апоры, залазяць на розныя штучныя агароджы, робячы іх «жывымі». Большасць такіх раслін мае прыгожае лісце і кветкі.

Лімоннік, які аплёў хату. Фота: Wikimedia Commons

У садах беларусаў здаўна пасяліліся такія аднагадовыя расліны, як пахучы гарошак, садовая настурка, клемаціс, іпамея пурпуровая, фасоля шматкветкавая.

Іпамея пурпуровая. Фота: Wikimedia Commons

Можна сустрэць і шматгадовыя. Да найбольш распаўсюджаных адносяцца плюшч, дзікі вінаград («дзявочы вінаград»), лімоннік кітайскі, бружмель і крушына. Акрамя іх, добра падыходзіць для дэкору альтанак, верандаў, балконаў, агароджаў такая шматгадовая кветка, як кабея лазячая.

Кабея лазячая. Фота: Wikimedia Commons

З усіх пералічаных раслін найбольш устойлівы да маразоў плюшч. Да таго ж ён добра расце ў цені і паўцені.

Кітайскі чарот

Калі вам неабходна расліна, якая хутка расце, для агароджы, то спецыялісты рэкамендуюць міскантус звычайны (кітайскі чарот). Ён мае вельмі доўгія сцёблы і лісце, а вырастае да трох метраў вышынёй. Цвіценне расліны прыпадае на восень (верасень —кастрычнік). Набываюць яго расадай і саджаюць вясной, калі зямля добра прагрэецца.

Міскантус. Фота: Wikimedia Commons

Міскантус любіць сонца і глебу, у якой не застойваецца вада. Догляд заключаецца ў рэгулярным паліве. Ён марозаўстойлівы. Адзіны недахоп — хуткае распаўсюджванне па ўчастку, таму адразу трэба абмежаваць межы росту міскантуса. Для гэтага ўкопваюць па перыметры кускі пластыку, жалеза ці шыферу на глыбіню не меншую за 20 см і на 10 см у вышыню.

Фарзіцыя

Вясной, калі на большасці дрэў толькі-толькі з'яўляюцца першыя лісты, здалёк відаць квітучая яркім жоўтым колерам фарзіцыя. Адразу ж пасля таго, як знікаюць кветкі, на кусце з'яўляецца насычана-зялёнае лісце, якое да восені набывае пурпурна-фіялетавую афарбоўку. 

Фарзіцыя. Фота: Wikimedia Commons

Такім чынам, фарзіцыя можа выконваць тры важныя функцыі. Па-першае, служыць яркім акцэнтам для небагатага на фарбы вясновага саду. Па-другое, адцяняць фонам насычаныя фарбы квітнеючых улетку дэкаратыўных культур. І, нарэшце, ажыўляць сваёй лістотай восеньскі сад, які рыхтуецца да зімы.

Фарзіцыя хутка расце і патрабуе рэгулярнай абрэзкі. Расліна любіць сонечныя месцы, умерана вільготную і з добрымі дрэнажнымі ўласцівасцямі зямлю.

Гартэнзія

Гэтая расліна таксама добра прыжылася ў садах беларусаў дзякуючы сваім дэкаратыўным якасцям.

Гартэнзія дрэвападобная. Фота: Wikimedia Commons

Гартэнзія вырастае да 2,5 метра вышынёй і з поспехам можа выконваць функцыі агароджы. Яна любіць сонечныя месцы. Пры гэтым трэба сачыць, каб расліна была абароненая ад ветру. Глеба павінна быць урадлівай. І, як ужо згадвалася, яе неабходна добра паліваць. Больш падрабязна пра гартэнзію можна пачытаць у нашым матэрыяле.

Спадзяёмся, што наш агляд дапаможа вам вызначыцца з раслінай для жывой агароджы. Ну, а калі не для агароджы, то для дэкаравання альтанкі ці стварэння яркага акцэнту ў садзе.

Чытайце таксама:

Воцатнае дрэва і «помста суседа». Гэтая расліна ўваходзіць у моду ў Беларусі, бо яна і прыгожая, і практычная

У Белавежскай пушчы змагаюцца з амерыканскім дрэвам-агрэсарам. Што за яно і чым небяспечнае?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
26272829