Знайсці
07.03.2024 / 21:49147РусŁacБел

«Хачу зрабіць Пазняка персонай нон-грата» — літоўскі актывіст

Літоўскага блогера, актывіста і валанцёра ва Украіне Жыльвінаса Світоюса часам называюць «паляўнічым на ліцвінаў». Ён адзін з самых заўважных у Літве аўтараў, якія пішуць пра небяспеку ідэалогіі «літвінізму» і варожыя заявы беларусаў пра Літву. У інтэрв'ю «Радыё Свабода» ён расказаў, што, на яго думку, беларусы робяць не так адносна Літвы, чаму ён дамагаецца абвяшчэння Зянона Пазняка персонай нон-грата ў Літве, чаму лічыць, што Святлана Ціханоўская дае кепскі прыклад беларусам у Літве і што неабходна зрабіць літоўцам і беларусам, каб зменшыць градус узаемных прэтэнзій.

— Я падпісаны на вашу старонку і чытаю некалькі месяцаў. У вас вельмі часта публікуюцца беларусафобскія паведамленні і каментары вашых падпісчыкаў. Чаму вы гэта не спыняеце?

— У сваёй рыторыцы я намагаюся пазбягаць абагульненняў «усе беларусы», «паўсюль беларусы». Я прытрымліваюся рыторыкі, што ёсць літвіністы, недружалюбны да нашай краіны элемент, да майго народа, і ёсць іншыя беларусы. Большасць недружалюбных нам беларусаў не знаходзяцца ў Літве. Яны ў іншых краінах, напрыклад у Польшчы вельмі шмат. У Літве толькі асобныя людзі.

А цяпер пра тое, чаму людзі так рэагуюць. На працягу апошніх некалькіх стагоддзяў наш народ выжыў толькі таму, што трымаўся зубамі за мову, за нашу літоўскасць, за нашу сутнасць. Усе думаюць, што мы маленькія і выжылі выпадкова. Не. Мы выжылі толькі таму, што трымаліся за сваю сутнасць. Людзі насілі кнігі з Прусіі, па балотах, бо яны хацелі пакінуць гэта сабе, вучыць сваіх дзяцей літоўскай мове.

І людзі не разумеюць, чаму такое можа адбывацца, чаму нехта можа казаць «Вільня — наша». Многія людзі толькі цяпер пачалі звяртаць на гэта ўвагу. Хаця ёсць шмат актывістаў, якія манітораць ліцвіністаў ужо шмат гадоў. Але паколькі толькі цяпер у Літву прыехала так шмат беларусаў, гэтая тэма пачала набываць такі абарот.

— Вы самі кажаце, што ў Літве не шмат такіх недружалюбных да Літвы беларусаў. Я бачу па сацыяльных сетках, па знаёмых, што ў Літве ёсць шмат беларусаў, якія вельмі прыхільна ставяцца да Літвы, вучаць літоўскую мову, паважаюць культуру і адчуваюць сябе там даволі камфортна. І яны, на іх жа думку, ёсць саюзнікамі Літвы. Але ў вашых тэкстах пра такіх людзей няма ані слова. Вашыя каментатары нібыта іх не заўважаюць. Чаму?

— Няма ані дыялогу, ані сур’ёзных спробаў абодвум бакам рабіць супольныя мерапрыемствы, дзе людзі маглі б сустракацца, знаёміцца. Усё ідзе ў яшчэ большую закрытасць. У Вільні ёсць частка літоўцаў, якія разумеюць расейскую мову, але ўсё больш людзей увогуле ня хочуць камунікаваць на гэтай мове.

Я зараз хацеў бы размаўляць з вамі па-беларуску, бо калі я пачаў ездзіць ва Украіну, я навучыўся някепска ўкраінскай мове. Але ў Літве літоўцы не будуць вучыць беларускую мову толькі таму, што туды прыехалі беларусы. Нашая краіна не славянскамоўная, для нас расейская мова — гэта не другая мова. Для нас гэта — мова акупантаў, замежная мова, якую нам прынеслі са зброяй. І ўсе спробы гэта перайначыць будуць успрынятыя варожа.

— Вы думаеце, што беларусы хочуць прымусіць літоўцаў гаварыць з імі выключна на расейскай?

— Не. Але яны робяць мала намаганняў. Калі нават сама прэзідэнтка (Ціханоўская — РС), якая жыве ў Літве ўжо чатыры гады, не ўмее размаўляць па-літоўску, не вучыць мову, то гэта добры прыклад усім, што так можна рабіць.

Трэба разумець, што гэта заўсёды была цана выжывання нашага народа. Для нас гэта вельмі важна. Нават калі чалавек скажа, прабачце, я толькі трошкі размаўляю па-літоўску, ці можна на іншай мове, то літоўцы пачнуць яго абдымаць і казаць, што ён выдатны чалавек. Бо ён прынамсі стараецца.

Але я сапраўды бачу вельмі шмат адмаўлення гэтага. Ёсць шмат людзей, якія кажуць, а навошта нам вучыць мову, мы тут на некаторы час. На які некаторы час? Ужо мінула некалькі год. І пасля гэтага адмаўлення вывучаць літоўскую мову і інтэгравацца ўсе спробы нешта прасіць у літоўскага грамадства з'яўляюцца недружалюбнымі.

— Толькі па вашай старонцы можна зрабіць выснову, што беларусаў, якія хочуць вучыць літоўскую мову, проста не існуе. Але калі ў Літве да 70 тысяч беларусаў, то іх дзеці ходзяць таксама і ў літоўскія школы. Наўрад ці ў Літве столькі расейскамоўных школаў, а беларуская ўвогуле адна. Многія людзі стараюцца і вывешваюць разам з бел-чырвона-белымі сцягамі літоўскія, але ў адказ ад нейкай часткі літоўцаў чуюць абразы. У вас у каментарах беларусаў называлі біямасай.

— Ёсць, вядома ж, людзі, якія будуць такое пісаць. Але калі вы паглядзіце, то ўсе гэтыя каментары пішуць адныя і тыя ж людзі. Я не лічу, што беларусы ў Літве з'яўляюцца ворагамі. Але ёсць важны момант. Мы, актывісты, не бачым рэальных спробаў з боку беларускага грамадства размаўляць адкрыта на тэму ліцвінізму. Калі гэта маргінальная з'ява, то вы, беларусы, размаўляйце з імі, размаўляйце за нас. Пакажыце, што вы да нас лаяльныя, што вы лаяльныя еўрапейскім каштоўнасцям. А нехта дагэтуль хоча забраць у нашай краіны назву, кажа «Вільня — наша». Мы павінны ўбачыць, што беларусы не з'яўляюцца прыхільнікамі гэтай ідэалогіі, што яны таксама будуць за нас. А ў нас цяпер няма руху ў аніводным з напрамкаў і таму атмасфера абвастраецца.

Просты прыклад. Ваша прэзідэнтка Ціханоўская дае «Белсату» прэмію дэмакратычных сілаў. Праз месяц там сядзіць непаважаны Пазняк з журналістам «Белсату», які таксама з'яўляецца прыхільнікам «летувіскасці», і яны размаўляюць пра тое, як Жмудзь стала Летувой, а ВКЛ стала Беларуссю і што назвы, маўляў, трэба ўжо ўзгадніць. Як нам на гэта глядзець?

У Літве няма аніводнага палітыка, які б казаў, што Ашмяны — гэта літоўскія землі. Яны нават ня могуць дазволіць абмяркоўваць такі наратыў як нейкі факт у мінулым. А тут дазволена чалавеку, які пастаянна кажа антылітоўскія рэчы, яму дазволена сядзець на «Белсаце» і расказваць і літоўцам, і беларусам у Літве вось такія рэчы. Гэта ўжо абраза на палітычным узроўні.

— На тым жа «Белсаце» ёсць і літоўскія госці, якія выказваюцца і пра адносіны, і пра сітуацыю ў Літве. Таксама там ёсць людзі, якія не кажуць, што Літва — гэта Жмудзь. Я згодны, што галасы, якія вас абражаюць, сапраўды гучаць. Але ў агульнай карціне — гэта абсалютны маргіналізм. Калі б я зараз выцягваў з вашай старонкі каментатараў, якія называюць беларусаў біямасай, што гэта расейцы, нашчадкі НКВД, бо, маўляў усе беларусы супрацоўнічалі з НКВД, ці не было б гэта тое самае? Ці бачыце вы сярод беларусаў тых, хто быў партнёрамі літоўцаў?

— Я думаю, што ёсць шмат людзей, якія маглі б быць такімі партнёрамі. Я тут не бачу праблем. Але трэба праясніць. Калі я пішу нешта ў фэйсбуку, то хто я такі? Я проста актывіст і блогер. Каментатары на маёй старонцы таксама не з'яўляюцца нікім у міжнароднай палітыцы. Мы кажам пра тое, што вашыя палітыкі могуць на вашым тэлебачанні сабе дазволіць называць нас краінай, назвы якой у беларускай мове няма. Яны прыдумалі гэта, каб нас адрозніць.

— Тут я мушу дадаць, што тэзіс «сучасная Літва — Жмудзь» ёсць проста антынавуковы. Жмудзь — гэта проста невялікі рэгіён у складзе Літвы.

— Я кажу нават не пра гэта. Нас называюць тэрмінам «Летува» і «летувісы». Гэта і ёсць адна з прыкметаў, як распазнаць нармальнага і ненармальнага чалавека. Усе, хто называе нас летувісамі і Летувой — гэта проста антылітоўскі элемент, які хоча даказаць, што мы нібыта скралі назву ў Беларусі, у ВКЛ, бо ліцвіны ці літоўцы — гэта яны. А мы, нібыта, гэта нашчадкі жмудзінаў.

Чытайце таксама:

Трэба раз і назаўсёды спыніць разважанні пра «вяртанне Вільні» — Рудкоўскі

«Найбольшы ўклад у нагнятанне робяць людзі, якіх падазраюць у супрацоўніцтве са спецслужбамі. Напрыклад, Карач ці Цапкала»

Праблема «ліцвінізму» не можа стаць палітычнай, бо беларусам не цесна ў межах сваёй краіны — гісторык Пашкевіч

«Гэты працэс мусіць вітацца ў Літве». Ліцвінізм: погляд з Вільні

Чаму літоўцы баяцца літвінізму

Дзяржбяспека Літвы апублікавала сваю ацэнку ліцвінізму і рызыкі, з ім звязанай

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
21
Панылы сорам
59
Ха-ха
16
Ого
9
Сумна
5
Абуральна
34
0
Ужо цікава стала /адказаць/
10.03.2024
Давайце жыць дружна!, ужо цікава стала, а як суседзі-латышы называюць летувісаў? Скарыстаемся Гугл-транслэйтам. Рус.яз: Литва, литовец, литовка, литовцы, литовский язык, литовское государство, литовский народ. Латышская мова: Lietuva, lietuviešu, lietuviešu, lietuviešu, lietuviešu valoda, lietuviešu valsts, lietuviešu tauta. Да латышоў у Світоюса прэтэнзіі ёсць? Латышоў ён не хоча персонамі нон-грата ў Летуве аб'явіць?
1
Капытко/адказаць/
10.03.2024
Грантаедам не паняць, по-русски «белорусский». Учи матчасть и не тужься понапрасну менять правила русского языка, не по Сеньке шапка. Твой Пазьняк поселился в русскоязычном районе, а не в Американском, польском или китайском. Никаких белорусских районов в НЙ не было, нет, и никогда не будет. Разве что в мечтах некоторых на всю голову.
0
Маскальку/адказаць/
17.03.2024
Капытко, спаліўся ты канчаткова, маскалёк.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031