Знайсці
28.02.2022 / 17:06

Новыя імёны ў «базе дармаедаў», рост стаўкі рэфінансавання і павышэнне пенсій. Што зменіцца з 1 сакавіка

Расказваем пра асноўныя змены, якія нас чакаюць з пачаткам вясны. 

Павышаецца стаўка рэфінансавання

Нацыянальны банк прыняў рашэнне павысіць стаўку рэфінансавання з 9,25% да 12% з 1 сакавіка. Гэта азначае, што падаражаюць крэдыты і павінны вырасці працэнты па дэпазітах.

Пенсіянеры атрымаюць на 34 рублі больш

З 1 сакавіка ў Беларусі павышаюцца пенсіі. Як адзначалі ў Мінпрацы, на 7%. На якую менавіта суму вырасце пенсія, залежыць ад працягласці стажу і заробку, які ўлічваецца пры налічэнні выплат. Пенсіі па ўзросце ў параўнанні з лютым вырастуць у сярэднім на 34 рублі і складуць 580 рублёў.

Па звестках Мінпрацы, на выплату пенсій сёлета ў бюджэце закладзена больш за 16 млрд рублёў. Нагадаем, у 2021 годзе рэальныя пенсіі ў Беларусі ўпалі ўпершыню за апошнія пяць гадоў. Прычынай стала інфляцыя: летась яна разагналася да 10%, а чыноўнікі зэканомілі на выплаце працоўных пенсій, павысіўшы іх усяго адзін раз 1 верасня 2021 года, у сярэднім на 6,3%.

Ліквідацыя наступстваў непагадзі

У сярэдзіне студзеня Беларусь накрыла сапраўдная бура. У некаторых рэгіёнах вецер паваліў нават ёлкі. У мясцовых уладаў было паўтара месяца, каб ліквідаваць наступствы — да 1 сакавіка. Па Магілёўскай вобласці, якой быў нанесены найбольшы ўрон, — да 1 красавіка. Калі ў вашай мясцовасці наступствы не ліквідаваныя, варта накіраваць скаргі не толькі ў сельскія і раённыя выканкамы, але і на ўзровень вобласці.

Змена руху ў Мінску

У Мінску павінны распачаць рамонт пуцеправода на праспекце Жукава над чыгуначнымі пуцямі. З 1 сакавіка ў гэтым раёне зменіцца схема руху транспарту. Цалкам перакрываць збудаванне не будуць. Сустрэчныя патокі будуць рухацца па адной палове пуцеправода, пакуль на другой будзе ісці рамонт. Першай зачыняць знешнюю частку пуцеправода з боку ГЦ Outleto. Як доўга рух будзе працягвацца па такой схеме, не ўдакладняецца, але ўлады абяцаюць скончыць рамонт «у сціслыя тэрміны».

Сацыяльныя выплаты — на спецыяльны рахунак

З 1 сакавіка грамадзяне Беларусі змогуць адкрываць базавыя рахункі ў банках. Як правіла, на аднаго чалавека — толькі адзін рахунак. Такія рахункі абавязаныя адкрыць атрымальнікі сацыяльных выплат (пенсіі, стыпендыі, грашовая дапамога па беспрацоўі), якія атрымліваюць грошы на карткі, а не наяўнымі. Адкрыць рахунак можна толькі ў банку, дзе доля дзяржавы перавышае 50%, гэта «Беларусбанк», «Белінвестбанк», «Белаграпрамбанк» і «Дабрабыт». Усе гэтыя банкі ўжо пад санкцыямі, але пад базавыя рахункі будуць выдаваць карткі нацыянальнай плацёжнай сістэмы «Белкарт». 

Падатковыя дэкларацыі і сплаты ў ФСАН

Індывідуальныя прадпрымальнікі павінны не пазней за 1 сакавіка заплаціць унёсак у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Мінімальная сума — 1 705,3 рубля, калі дзейнасць вялася цэлы год.

А да 31 сакавіка трэба падаць падатковую дэкларацыю за 2021 год, а заплаціць падатак — не пазней за 1 чэрвеня. Гэта актуальна для тых, хто:

  • атрымліваў даход з-за мяжы альбо за мяжой, але знаходзіўся ў Беларусі не менш за 183 дні;
  • атрымаў у падарунак больш за 7521 рубель, за выключэннем даходаў, атрыманых ад блізкіх сваякоў;
  • прадаў два ці больш аўтамабілі за мінулы год;
  • прадаў больш за адну кватэру, дом, лецішча, гараж, садовы домік, парковачнае месца.

Падаць дэкларацыю можна асабіста ў падатковай інспекцыі па месцы рэгістрацыі, або адправіць па пошце (лепш заказным лістом), або праз асабісты кабінет плацельшчыка (доступ трэба атрымаць у падатковай), або праз электронны лічбавы подпіс. 

Таксама 1 сакавіка з’явіцца абноўленая «база дармаедаў», звесткі змяняюцца кожны квартал, чыноўнікі дадаюць ці выкрэсліваюць грамадзян у залежнасці ад іх занятасці і прадастаўлення дакументаў, якія дазваляюць быць выключаным з баз. Людзі, якія трапілі ў базу, нагадаем, павінны плаціць камуналку за кватэру ці дом, што належыць ім, па павышаных тарыфах. 

Чытайце таксама

Дармаед я ці не? Разбіраемся, каго прымусяць плаціць за ацяпленне ў пяць разоў больш

Падлічылі, колькі грошай у дзяржаўны бюджэт прынёс кожны беларус, нават дармаед

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31