«Цікавы музей» размешчаны на вуліцы Замкавай. Тут сабраны прадметы ўжытку мінулых стагоддзяў. У двух невялікіх памяшканнях, як сцвярджае адзін з уладальнікаў — гродзенскі калекцыянер Алег Ёрш, сабрана больш за 600 экспанатаў. Музей вось-вось адкрыецца, а для партала tut.by правялі першую экскурсію па залах.

Фота: Вольга Камягіна, TUT.BY

Фота: Вольга Камягіна, TUT.BY

У музеі некалькі экспазіцый — адна зала аддадзена пад калекцыю прасаў. Яны пераехалі сюды з «Музея праса», што знаходзіцца на вуліцы Савецкай. Калекцыя ўнікальная і самая вялікая ў Беларусі. У апошні час яе папоўнілі новыя экспанаты. Напрыклад, прас для бялізны, больш падобны на меч, ці маленькі прас для капелюшоў і яго мініяцюрны сабрат для прасавання маленькіх складак.

Да прасаў дадаліся і іншыя экспанаты. Так, тут ёсць куток фотатэхнікі і радыёкропак, прайгравальнікаў, цырульных прыладаў і кухоннага начыння. А ў калідоры перад уваходам у музей уладальнікі арганізуюць інсталяцыю, якая будзе час ад часу мяняцца.

Алег кажа, што музей будзе дапаўняцца цікавымі экспанатамі, а пакуль распавядае пра некаторыя рэчы, якія можна ўбачыць у невялікім музейчыку. Напрыклад, пра тэлефонную будку, якая ў 60-х гадах мінулага стагоддзя стаяла на адной з гродзенскіх вуліц. Побач — калекцыя хатніх тэлефонаў.

— Для маладога пакалення дыскавыя тэлефоны — рэдкасць, — кажа ўладальнік музея.

Дарэчы, у музеі можна ўсё мацаць рукамі, фатаграфавацца з экспанатамі, а ўладальнікі правядуць экскурсію.

— Экспазіцыя невялікая, хопіць і 20 хвілін на наведванне нашага музея. Але, думаю, наведвальнікі будуць заставацца на даўжэй, бо пра кожны экспанат можна доўга распавядаць.

— Хоць музей і маленькі, але уражанняў ад яго застанецца шмат, — кажа Алег і дадае, што гораду з яго турыстычным патэнцыялам такіх устаноў трэба нашмат больш, таму што з увядзеннем бязвізавага ўезду турыстаў у Гродне стала больш, а забавак не дадалося.

Музей, па словах Алега, наўрад ці будзе прыносіць вялікі прыбытак, але ўсё-ткі ўладальнік спадзяецца на тое, што ў хуткай будучыні экспазіцыя стане папулярнай.

«Цікавы музей» афіцыйна адкрыецца 10 жніўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0