І Раман, і Вітольд, якія нават падобныя з твару, у абодвух высокі лоб, — менчукі, абодва з сем’яў дзяржслужачых: адзін — вайскоўца, другі — чыноўніка, на бацьках лёс сыноў адбіўся найгоршым чынам. Абодвух у «рэвалюцыйную дзейнасць» прывялі «заступнікі» — доктар Міхал Аскерка і журналіст Уладзімір Чудзянцоў. Толькі Аскерка застаўся верным сваім прынцыпам да апошняга, не выдаўшы нікога, нават ужо зразумеўшы, што здрада «вучня» будзе каштаваць яму жыцця. 10 мая 1864 года Аскерку расстралялі ў Магілёве.

Абодва — і Раман, і Вітольд — не ведалі ў жыцці сапраўдных цяжкасцяў, бо сям’я і сацыяльнае паходжанне іх ад гэтага ахоўвалі.

Абодва паспелі змяніць некалькі ўніверсітэтаў, у выпадку Парфіяновіча — Пецярбургскі і Кіеўскі, ён не меў вялікай ахвоты да навукі, затое марыў пакінуць сваё імя ў гісторыі, зрабіцца героем. І з пачаткам паўстання ў студзені 1863 года такая магчымасць выявілася, толькі Вітольд для рэвалюцыйнай арганізацыі, як і Раман для Nexta, заставаўся на падхопе. Хацелася ж большага, і ў выпадку Вітольда такая магчымасць выявілася ўжо тады, калі ў паўстанцкім асяродку праз шырокія рэпрэсіі выбар кадраў быў істотна абмежаваны.

Вітольд дзякуючы пашпарту студэнта меў магчымасць падарожнічаць па Расейскай імперыі, і гэта стала яго пропускам на іншы ўзровень — пасля некалькіх паспяхова выкананых заданняў, Кастусь Каліноўскі на сустрэчы ў Вільні прызначыў яго кіраўніком Магілёўскага ваяводства. На восень 1863 года гэта ўжо была толькі намінальная пасада, бо арганізацыя была вынішчаная рэпрэсіямі. Але Вітольда высокае становішча цешыла. У дадатак новыя заданні, падчас аднаго з якіх і быў атрыманы слынны пароль «Каго любіш? Люблю Беларусь! Так узаемна!» Сімвалічна, што народжаны гэты пароль быў на Раство 25 снежня 1863 года.

І тады, калі ён пасля выканання дробных заданняў, будучы быццам на пабягушках, дарваўся да вышэйшых колаў рэвалюцыйнага кіраўніцтва, наступіў нечаканы арышт. Дзе тут не паверыш, што цябе «злілі» свае.

Раман Пратасевіч перакананы ў гэтым (мо нават бачыў нейкія «дакументы») і выказваўся, што яго адразу ж пасля арышту перапаўняла «злосць і нянавісць да многіх людзей». У выпадку Вітольда Парфіяновіча было тое самае — перакананне ў здрадзе і злосць.

Папраўдзе арышт Парфіяновіча — ланцуг выпадковасцяў.

Спачатку арыштавалі паўстанцкага кіраўніка Ковеншчыны Людвіга Дзічкоўскага, той пагадзіўся пайсці на супрацу са следствам і здаў Цітуса Далеўскага, сакратара рэвалюцыйнага ўрада на чале з Кастусём Каліноўскім.

Далеўскі дапамагаць следству адмовіўся ды быў расстраляны ў Вільні на Лукішскай плошчы і пахаваны на Замкавай гары. Падчас ператрусу ў Далеўскага знайшлі пашпарт на імя Парфіяновіча, пасля чаго па ўсёй Беларусі і Літве сталі арыштоўваць людзей з такім прозвішчам. Таму Вітольда Парфіяновіча папраўдзе схапілі выпадкова, знайшоўшы пры ім грошы і рэвалюцыйныя дакументы, але следчыя здолелі яго пераканаць, што гэта была здрада. Ці ён пажадаў быць перакананым.

Хто яго ведае дакладна? Але гэтаму дапамагала камера ў сутарэннях сённяшняга гатэля «Манастырскі», які ў час паўстання выглядаў не так шыкоўна, будучы ператвораны з бернардзінскага кляштара на турму.

Калісьці мы даведаемся ўвесь ланцужок, які прывёў да арышту і Рамана Пратасевіча, як і імя таго, хто і як яго ўрэшце разгаварыў. У выпадку Парфіяновіча гэта быў палкоўнік Аляксандр Лосеў, які да часу паўстання насур’ёз прапаноўваў царскім уладам зрабіць стаўку ў барацьбе супраць шляхты на беларускіх сялян і нават пашыраць ужытак беларускай мовы праз увядзенне яе ў прыходскіх школах і друку.

Такое сапраўды мела месца ў 1862 годзе, як ні дзіўна, але кіраваўся пры гэтым Лосеў зусім не любоўю да беларускіх сялян, а тым, што бачыў, як гэты сродак прыносіць плён «ворагам» Імперыі — будучым паўстанцам.

Дзякуючы Парфіяновічу Лосеў выбудаваў вакол сваёй постаці сапраўдны міф пра кемлівага жандара (цікава, хто такі ў выпадку Пратасевіча?), які пры дапамозе «слёзаў спачування і пацалункаў» здолеў 28 студзеня 1864 года «ўзламаць» Парфіяновіча. І той выдаў усё: і месца знаходжання Каліноўскага пад імем «Ігнат Вітажэнец» у Святаянскіх мурах Вільні, і 89 сяброў менскай рэвалюцыйнай арганізацыі.

Парфіяновіч сваю віну перад імперыяй адкупіў у тым ліку 28 маёнткамі, якія былі аднятыя дзякуючы яму ў арыштаваных. Колькі такіх людзей у выніку апынуліся за кратамі праз Рамана Пратасевіча, мы яшчэ рана ці позна даведаемся.

Здавалася, што Парфіяновіч робіць гэта толькі для таго, каб уратаваць нешта большае, ён нават за кратамі, будучы пераведзены з Менску ў Вільню, абмяркоўваў будучае сваё вызваленне з Ільдэфонсам Мілевічам, адным з кіраўнікоў Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі. Пераканаў таго ў сваіх найлепшых памкненнях і жаданні аднавіць паўстанне пасля вызвалення, што дазволіла атрымаць звесткі пра яшчэ не арыштаваных удзельнікаў антыімперскага падполля. А пасля ўсё гэта здаў следству, у тым ліку яшчэ аднаго Каліноўскага — Юзафа, які быў асуджаны на смерць, заменены пажыццёвай ссылкай і стаў манахам (пад імем Рафал), будучы кананізаваным папаю Іаанам Паўлам ІІ у 1991 годзе.

Здрада ўратавала Вітольду Парфіяновічу жыццё, але таўро здрадніка было мацнейшае за памілаванне, якое прыйшлося адбываць усё роўна ў Сібіры, як і тысячам сасланых колішніх паўстанцаў: «А навошта мне з’язджаць? Усё ж добра».

Вітольд вырашыў, што стаць «сваім» для імперыі дапаможа пераход на праваслаўе і змена імені — на Іосіфа. Але таўро немагчыма змыць.

Думаў, што дапаможа жаніцьба на ўдаве імперскага вайскоўца. Бо таўро не змываецца так лёгка, нават калі ты сапраўды жадаеш стаць «звычайным грамадзянінам, сем’янінам, якога будзе турбаваць дабрабыт уласнай сям’і».

Можа для цябе, Раман, паслужыць урокам і той факт, што Парфіяновіча чакалі 8 гадоў пакутлівага жыцця ў Томску. Тут ён намагаўся ўвесь час даказаць, што ўсяму віной шкодны ўплыў ажно са школьнай лавы, што ўласна ён не меў ніякіх перакананняў, што яго падманулі і выкарысталі, «каб у будучым падрыхтаваць з мяне злачынцу». Але сярод звычайных людзей гэта не дапамагала,

і калі тыя ж 8 гадоў многія паўстанцы адбывалі ў ссылках і вярталіся «з чыстым сумленнем» на радзіму, то ў Парфіяновіча такой магчымасці не засталося, як не засталося і Радзімы.

«Памілаванне» не значыла дараванне «злачынства», бо ўсе вакол бачылі яго таўро: здрадзіўшы аднойчы, можа здрадзіць ізноў. 

Таму Парфіяновіч як за ласкай звярнуўся за паўторным памілаваннем на імя імператара Аляксандра ІІ, распісаўшы, што ён хоча «ў новым жыцці ўтапіць усё мінулае». І яму было зноў даравана. Адна умова — зрабіцца горшым, чым найгоршы кат імперыі. Ці ў стане на такое Раман? Вітольд, дакладней Іосіф, Парфіяновіч змог, уладкаваўшыся на працу ў Экспедыцыю ссыльных, каб там здзекавацца з тых, хто доўгія гады працягваў заставацца за кратамі, так і не адмовіўшыся ад уласных перакананняў. Парфіяновіч справіўся з гэтым ды нават ўзначаліў паліцэйскае ўпраўленне ў Табольску. Але таўро здрадніка так і засталося пры ім. Раман, ведай, што цябе чакае, бо іншага шляху для здрадніка няма, акрамя таго, на якім Парфіяновіч і Пратасевіч зробяцца сінонімамі.

Не ўсім быць моцнымі, як Далеўскі, Аскерка і Каліноўскі, як мільёны беларусаў. Аднак тое магчыма. І прыклад таму — тысячы беларусаў, якія за лукашэнкаўскімі кратамі ратуюць гонар і годнасць свайго народа. 

Чытайце таксама:

Каго і чаму здаў Раман Пратасевіч. Гэта гісторыя пра тое, як адно фота можа змяніць усё жыццё. Многа жыццяў

Пратасевіч прыйшоў на інтэрв'ю на канал Салаўёва. У яго спыталі, ці забіў бы ён Пуцілу

Пратасевіч даў паказанні на Сафію Сапегу — «База»

«Шалёна ўдзячны краіне і асабіста прэзідэнту». Раман Пратасевіч памілаваны

Клас
108
Панылы сорам
17
Ха-ха
8
Ого
15
Сумна
23
Абуральна
52

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?