Ірына Лукашэнка. Фота: асабісты архіў гераіні

Ірына Лукашэнка. Фота: асабісты архіў гераіні

«Вялікая ідэя майго жыцця — аб’яднанне беларусаў»

Некалькі тыдняў таму ў Ірыны з’явілася першая вышыванка. Дзяўчына расказвае, што неаднойчы бачыла, як гэты прадмет адзення ператварае цэлы горад у нешта прыгожае, і адчувала, як ёй хочацца быць часткай гэтага.

Але проста набываць вышытую кашулю ў краме не хацелася. «Спадзявалася, што з маёй вышыванкай будзе звязана свая гісторыя. У мяне ёсць сябры-ўкраінцы, і мы з імі паехалі ў Карпаты. Там у горадзе Косаве ёсць вельмі стары базар са сваёй атмасферай, і вось там я набыла сабе першую вышыванку», — кажа дзяўчына.

Ірына расказвае, што ёй важна мець нешта, што аб’ядноўвала б яе з Украінай, напрыклад, вышыванку. Яна не з тых, каму цікава сядзець у інфармацыйнай бурбалцы і камунікаваць толькі з беларусамі, дзяўчына адкрытая да ўсіх. Яна з задавальненнем знаёміцца з украінцамі, з тым, чым яны жывуць, і радуецца таму, колькі супольнага паміж імі і беларусамі.

Паводле Ірыны, якраз украінцы падштурхоўваюць яе да беларушчыны. «Раней ведала беларускую мову, вучыла яе на курсах, але не размаўляла па-беларуску ў жыцці, і ўсё змянілася праз украінцаў. У жніўні 2022 года, калі паўгода ішла вайна, я пайшла ў Карпаты з украінцамі-валанцёрамі, была там адзіная беларуска. Яны ўсе, больш за сто чалавек, размаўлялі па-ўкраінску, і я не магла сабе дазволіць гутарыць з імі па-руску. Вырашыла размаўляць там па-беларуску, і гэта быў першы такі досвед у маім жыцці, сапраўднае выпрабаванне. Але калі я прыехала дахаты, мне ўжо было не страшна гутарыць на роднай мове, бо яны вельмі мяне падтрымлівалі», — апавядае Ірына.

Актывістка не толькі стараецца распаўсюджваць беларушчыну сама, але і дапамагае беларусам Кіева праяўляць сябе. Для яе з сябрамі важна, каб ва Украіне праходзілі падзеі, звязаныя з беларусамі, каб да іх далучаліся ўкраінцы, каб важныя для беларусаў даты былі бачныя. Ірына тлумачыць: трэба паказаць, што мы ёсць ва Украіне, што тут не толькі беларусы-вайскоўцы, але і тыя з нас, хто проста выбраў гэтую зямлю для жыцця, і з беларусамі Украіны трэба лічыцца.

Фота: асабісты архіў гераіні

Фота: асабісты архіў гераіні

Беларускія мерапрыемствы, пра якія кажа Ірына, яна арганізоўвае сама. «Напрыклад, 26 студзеня, у гадавіну смерці Міхася Жызнеўскага, мы правялі марш. Мы прысвяцілі яго ўсім беларусам, якія загінулі за Украіну з пачатку падзей 2014 года. Мы зладзілі мерапрыемства на Дзень роднай мовы, а потым на Дзень Волі раздавалі дранікі ў парку Шаўчэнкі. Ужо рыхтуем новае мерапрыемства. Праз тое, што я ўсё гэта раблю, я яшчэ і аб’ядноўваю людзей, беларусаў і ўкраінцаў, якія нас падтрымліваюць, цікавяцца нашай мовай, культурай і проста намі, якія гатовыя бавіць разам час і дазнавацца пра нас больш», — кажа дзяўчына.

А яшчэ Ірына — валанцёрка. Яна дапамагала эвакуацыі ахвяр вайны і працавала ў шпіталі з параненымі. Пра сябе яна кажа сціпла: маўляў, спрабую дапамагчы, раблю, што магу, і жыву верай у тое, што змагу зрабіць гэты свет крышачку лепшым.

Важна, як кажа Ірына Лукашэнка, аб’ядноўваць у дапамозе беларусаў з як мага большай колькасці куткоў свету. «Беларусы цяпер паўсюль, ёсць беларусы ў Беларусі, ва Украіне — валанцёры, тыя, хто ваюе за Украіну, і тыя, хто проста тут жыве. Ёсць беларусы ў Еўропе і па ўсім свеце. Вялікая ідэя майго жыцця — аб’яднанне беларусаў, і мы з беларуска-ўкраінскім хабам «Сустрэча», дзе я задзейнічаная, можам над гэтым працаваць. 

З гуманітаркай так і атрымліваецца: яе збіраюць беларусы Еўропы, прывозяць сюды, а мы тут на месцы ведаем, што з гуманітаркі каму патрэбна, можам яе перадаваць і такім чынам рабіць добрыя справы сваімі рукамі. Варта, каб усе далучаліся да тых вялікіх падзей, у якія, так здарылася, мы жывём», — дзеліцца актывістка.

Сабраная гуманітарка. Фота: асабісты архіў гераіні

Сабраная гуманітарка. Фота: асабісты архіў гераіні

На працу Ірына таксама знаходзіць час, яна айці-менеджарка. Раней працавала больш шчыльна і валанцёрыла некалькі вольных гадзін штодзень, але адчувала сябе некамфортна, маўляў, я ж магу больш. Цяпер жа дзяўчына вызваляе больш часу на валанцёрства і грамадскую актыўнасць. Жартуе, што яна ж менеджарка, дык і не дзіва, што здолела збудаваць свой графік належным чынам. Нават падзяляе яго на кампаненты: праца за камп’ютарам, валанцёрства анлайн і афлайн, а таксама адпачынак, і апошняе — абавязковая частка жыцця.

«Тая вялікая мэта, для якой я жыву, ужо адбываецца ў Кіеве»

На руцэ Ірыны татуіроўка — блакітная TARDIS, машына для перасоўвання ў прасторы і часе з брытанскага серыяла «Доктар Хто». Галоўны герой серыяла — амаль несмяротны іншапланетнік Доктар, які выратоўвае Зямлю і не толькі ад самых разнастайных пагроз. Яго беларуска называе сваім альтар-эга, а юнацкае тату — нечакана значным для сябе. «Зрабіла татуіроўку з TARDIS недзе ў 2016 годзе, бо мне падабалася яе канцэпцыя, гісторыя, звязаная з гэтым. І толькі цяпер задумалася над тым, чаму ж насамрэч я яе выбрала. Выбрала, бо гэта гісторыя пра мяне! Вядома, я не перасоўваюся ў прасторы і часе, але крышку раблю гэты свет лепшым», — кажа яна.

У серыяле TARDIS мела здольнасць пераносіць істот у розны час і месца, але ад яе блакітнай копіі на сваёй руцэ Ірына такога не просіць. «Мне падабаецца тое, дзе я знаходжуся цяпер. Я там, дзе павінна быць. Але я не магу прыехаць у Беларусь і ўбачыць сваіх блізкіх, таму, калі б мела такую магчымасць, я б на адну хвіліначку туды перанеслася», — распавядае дзяўчына.

Тая самая ТАРДЫС. Фота: асабісты архіў гераіні

Тая самая ТАРДЫС. Фота: асабісты архіў гераіні

Украіну і Кіеў дзяўчына называе сваім домам. Расказвае, што палюбіла горад на Дняпры з першага дня, і так у яе ніколі не было. Сама Ірына з гарадка ў Віцебскай вобласці. Калі яна перабралася ў Мінск, то звыкалася са сталіцай пару гадоў. А ў Кіеве, куды перабралася з Беларусі па палітычных прычынах два гады таму, адразу адчула: тут яна на сваім месцы, знайшла сябе і не хацела б пераязджаць куды-небудзь яшчэ нават толькі на час вайны. Дзяўчына з цеплынёй згадвае адну з любімых кіеўскіх лакацый — Алею мастакоў, дзе бачыш паўгорада, Падол і Дняпро: «Стаіш там і думаеш: ваў, гэта цудоўны горад, і ён мой».

Але чаму беларуска не пакінула Украіну і Кіеў нават у цяперашнія неспакойныя часы? Ірына Лукашэнка адзначае дзве прычыны: «Першая — тая, што Кіеў — мая душа, і мне тут хочацца жыць, я вельмі люблю гэты горад. А яшчэ я не ўяўляю, як я магу быць цяпер у іншым месцы. Не магу проста ўзяць і паехаць кудысьці яшчэ, у тую ж Варшаву, і далей жыць звычайным жыццём. Ведаю, што я патрэбная тут і што тая вялікая мэта, дзеля якой я жыву, ужо адбываецца тут».

Што гэта за вялікая мэта? Ды ўсё тое ж — рабіць свет крышачку лепшым. Але актывістка ўдакладняе, што для яе гэта звязана з грамадзянскай супольнасцю: спрыяць таму, каб кожны бачыў сваё месца ў цяперашніх вялікіх падзеях і нешта рабіў для таго, каб мы жылі ў лепшым свеце. Для Ірыны важна мець такую мэту, пункт, куды ты накіроўваешся, але яна прызнаецца, што ў яе жыцці мэты змяняюцца, і гэта нармальна. Класна, як заўважае дзяўчына, калі ты можаш спыніцца, падумаць, ці падабаецца табе тое, куды ты ідзеш, і змяніць кірунак, калі трэба.

А што да Кіева, як тлумачыць Ірына, то яна не разумее, як ёй можна было не застацца ў горадзе: «З’язджала ў Львоў, каб дапамагаць там з шэлтарамі, правяла там тры тыдні ў пачатку поўнамаштабнай вайны. Калі села ў цягнік у Львоў, адразу заплакала і не магла супакоіцца ўвесь час, пакуль ехала туды. Але разумела, чаму еду: таму што ў Кіеве ў той час мусіла б сядзець дома і нічога [карыснага] не рабіць, а я так не магу, тым больш у Львове былі патрэбныя рукі. Калі б тут зноў было небяспечна, засталася б у Кіеве і рабіла б усё магчымае, каб яго выратаваць, бо ўжо разумею, як можна дапамагаць у такой сітуацыі. Горад не трапіў бы пад акупацыю, але калі б гэта здарылася, не думаю, што я б там пражыла, мяне б забілі».

Ірына расказвае, што толькі ў Кіеве ўсвядоміла да канца, наколькі для яе важная свабода. Для беларускі гэта звязана з Днём Волі — 2022, першым, праведзеным не ў Мінску, калі дзяўчына ўпершыню цалкам адчула, што гэта за свята і пра што яно, адчула, што і яна хоча быць вольнай.

«Трэба працаваць да перамогі, інакш навошта гэта ўсё пачыналася?»

26 чэрвеня 2022 года Ірына згадвае, напэўна, як самы страшны для яе дзень за поўнамаштабную вайну. Тады на ўкраінскім фронце загінулі чатыры беларусы, у тым ліку Іван «Брэст» Марчук, а яшчэ двое трапілі ў палон.

«Тады вайна падышла да мяне найбольш блізка, бо яна дакранулася да чалавека, якога я ведаю асабіста, які за два тыдні да таго быў у мяне дома, ён расказваў мне, што бачыў і адчуваў падчас сваёй першай баявой задачы. Не ведала, жывы ён альбо не, а потым высветлілася, што ён у палоне, і гэта доўжыцца ўжо год. Дагэтуль няма навін, незразумела, што з ім і калі ён будзе тут, але я вельмі яго чакаю», — дзеліцца беларуска.

З болем дзяўчына ўспрыняла і падзеі сярэдзіны мая, калі загінулі пяць ваяроў з палка Каліноўскага, у тым ліку і сузаснавальнік беларускага «Белага легіёна» Міраслаў Лазоўскі. Праз больш чым год пасля пачатку поўнамаштабнай вайны з такімі навінамі, як працягвае Ірына, трохі звыкаешся, але ўсё роўна няпроста.

З часам боль робіцца часткай цябе, баліць крыху менш, і ты на сваю рану ўжо менш звяртаеш увагу. Трэба, робіць выснову беларуска, прапрацоўваць свае эмоцыі і пачуцці і ісці далей, а не пакутаваць і быць усё жыццё няшчасным чалавекам.

Натуральна ў такіх абставінах адчуваць стому і знясіленасць, але Ірына Лукашэнка адмаўляе, што ў яе такія пачуцці прысутнічаюць. «Як можна стаміцца ад вайны, калі людзі дагэтуль кожны дзень гінуць?

Шмат маіх знаёмых, не толькі беларусаў, але і ўкраінцаў, цяпер на фронце, шмат хто з маіх знаёмых загінуў. Найлепшыя людзі спынілі сваё звычайнае жыццё, узялі ўсё, што ў іх было, і пайшлі абараняць краіну. Калі пра гэта думаеш, проста не можаш спыніцца.

Горад Дзергачы на Харкаўшчыне. Фота: асабісты архіў гераіні

Горад Дзергачы на Харкаўшчыне. Фота: асабісты архіў гераіні

Я не стамілася, бо трэба працаваць да перамогі, інакш навошта гэта ўсё пачыналася? І гэта не толькі пра вайну, але і пра Беларусь таксама.

Я выбрала такі шлях, з’ехала з краіны, у мяне таксама было іншае жыццё. І мне хочацца працягваць, хочацца гэта ўсё змяніць у лепшы бок.

Гэта марафон, і трэба размяркоўваць свае сілы, але варта заўсёды думаць: «Што я магу зрабіць яшчэ?» Проста я выбрала такое жыццё, і мне гэта падабаецца», — разважае яна.

Ірына з надзеяй згадвае восеньскія дні 2022 года, калі ўкраінская армія здабыла адну з найвялікшых сваіх перамог у гэтай вайне — вызваліла Херсон. Беларуска дужа цесна працавала з валанцёрамі ў тым рэгіёне і са службамі, якія эвакуявалі людзей з Херсона. У кастрычніку мінулага года, калі горад быў яшчэ акупаваны, яна наведала Херсонскую вобласць — развозіла гуманітарку і дапамагала ў эвакуацыі, а потым была і ў вызваленым Херсоне. Расказвае, што, нягледзячы на выбухі і на складаную атмасферу навокал, горад пакінуў у яе вялікую надзею на будучыню.

Тым не менш там было няпроста, у тым ліку і ў маральным сэнсе. «Калі вызвалілі Херсон, недалёка ад горада заставаліся расійскія вайскоўцы, і яны кожны дзень знішчалі і будынкі, і яго жыхароў. Памятаю, як мы з сяброўкай стаялі ў краме, і мясцовы жыхар пабачыў, што мы з эвакуацыі. Падышоў і сказаў, што, хаця горад і вызвалілі, ён паедзе адтуль, бо яго жыллё разбамбілі і яму больш няма дзе жыць.

То-бок там кожны дзень нешта здаралася, і складана, калі ў любы момант у кагосьці каля цябе можа скончыцца жыццё. Але там за сябе ты не вельмі хвалюешся, больш турбуешся за іншых. Калі я была і ў Херсонскай вобласці, і ў Херсоне, там былі прылёты, але я не рэагавала на іх так, як рэагую на прылёты ў Кіеве. У Кіеве гэта страшна, ты хвалюешся, а ў Херсоне проста чула прылёт і ішла далей, там сэрца не спынялася ў гэты момант. Напэўна, я проста ведала, куды іду, і што прыязджала туды не жыць, а дапамагаць з эвакуацыяй».

Дзяўчына памятае, як у Херсонскай вобласці яна апынулася ўсяго за два кіламетры ад фронту — нават украінская артылерыя стаяла ад яго далей. І там, нягледзячы на гукі снарадаў, яна не спяшалася ратавацца і працягвала раздаваць гуманітарку. Беларуска тлумачыць, што тыя прылёты былі па адчуваннях далёка ад яе, а ў Кіеве, калі яна чуе блізкі прылёт, бяспекай не грэбуе. 

У вызваленым Херсоне. Фота: асабісты архіў гераіні

У вызваленым Херсоне. Фота: асабісты архіў гераіні

«У Кіеве я адыходжу ад вокнаў, калі чую, што прылёт будзе ля майго дома, і хаваюся ў калідоры, бо ад аскепкаў таксама можна пацярпець. Калі прылёт блізка, дрыжаць вокны і падлога, ты ўсім целам адчуваеш, што гэта каля цябе», — расказвае Ірына ўрокі вайны.

«Там Лукашэнка з мінусам, а тут Лукашэнка з плюсам»

Ірына Лукашэнка разважае, што цяпер атрымлівае ва Украіне досвед, які было б карысна прынесці ў Беларусь. «Больш за тое, я гэта раблю ў тым ліку для Радзімы, каб потым дапамагаць новай Беларусі неяк развівацца. Частка майго валанцёрства — гэта OZON, частка Цэнтра грамадзянскіх свабод, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру разам з нашым Алесем Бяляцкім. OZON займаецца назіраннем за судовымі справамі і мітынгамі, і цяпер у нас з імі праходзіць вялікая кампанія па маніторынгу бамбасховішчаў. Адразу прыйшла туды з думкай разабрацца, як гэта павінна працаваць, каб потым зрабіць гэтак жа ў Беларусі», — дзеліцца дзяўчына. 

У якой Беларусі Ірыне хацелася б жыць? Можа, не ў ідэальнай, але ў такой, дзе можна спакойна жыць і развівацца, дзе цябе не пасадзяць на шмат гадоў ні за што. Калі людзям дадуць магчымасць нешта рабіць самастойна і расці, Беларусь стане лепшай, бо людзі могуць усё, упэўненая актывістка. І ёй якраз цікава будаваць новае, карыстацца атрыманымі магчымасцямі, ствараць.

З калегамі па ініцыятыве OZON. Фота: асабісты архіў гераіні

З калегамі па ініцыятыве OZON. Фота: асабісты архіў гераіні

І яе прозвішча, трагічнае для беларускай гісторыі, гэтаму б не перашкодзіла. «Напэўна, мне было б з маім прозвішчам камфортна [ў новай Беларусі] проста таму, што я добры чалавек. І можа быць, праз мяне людзі будуць разумець, што не толькі на прозвішча варта звяртаць увагу.

Калі я пераехала сюды і ў мяне пыталіся, ці хачу я змяніць прозвішча, адказвала, што, вядома, хачу! Але потым, недзе праз год, адчула, што звыклася з ім. Мне нармалёва, часам толькі чую нейкія жарты пра прозвішча. Калі іх мала, мне падабаецца, а калі такіх жартаў зашмат, ужо непрыемна. І калі мы сустракаліся з Зянонам Пазняком, ён пажартаваў: там Лукашэнка з мінусам, а тут Лукашэнка з плюсам», — падсумоўвае Ірына.

«Ён быў маім каханнем на ўсё жыццё». Вялікае інтэрв’ю з удавой байца Васіля Парфянкова

Сотні беларусаў праходзяць баявую падрыхтоўку ў Польшчы, каб змагацца з рэжымам Лукашэнкі — The Times

Каліновец «Кусь»: Любы дзеяч беларускай рэвалюцыі перастане для мяне існаваць, калі возьме ўдзел у гандлі палітвязнямі ў абмен на зняцце санкцый

Клас
70
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
7
Сумна
3
Абуральна
12

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?