Фота: nia_smooth / Instagram

Фота: nia_smooth / Instagram

«Няма ні святла, ні інтэрнэту, ежу гатуюць на вогнішчы»

«У мяне ёсць знаёмыя з Чарнігава, яны ездзяць па краіне і валанцёраць: вывозяць людзей з гарачых кропак, дастаўляюць гуманітарку, бронекамізэлькі. Шмат хто з іх нават не мае цяпер працы, і я пыталася, як яны спраўляюцца ў грашовым плане. Мне адказалі, што яны трацяць на гэта ўласныя зберажэнні, але цяпер нельга па-іншаму, бо зыход вайны залежыць ад нас усіх.

Гэтыя знаёмыя прапанавалі мне паехаць з імі ў Чарнігаў і ў сяло пад ім, куды ўвогуле не даязджае гуманітарка, развозіць дапамогу і лекі. У выніку прабыла там тры дні.

Першае ўражанне? Было страшна чуць тыя гісторыі, якія распавядаюць людзі, не была гатовая бачыць настолькі разбіты горад. Адна справа, калі ты чуеш пра вайну толькі па навінах, і іншая — калі бачыш гэтыя разбітыя дамы, варонкі ў зямлі і разумееш рэальнасць вайны, тое, што ёсць забітыя людзі і зламаныя лёсы.

Было вельмі цяжка з першага моманту, як я толькі апынулася ў прыгарадзе Чарнігава. Пабачыла разбітыя школы, жылыя дамы, проста руіны — і адтуль, з-пад завалаў, яшчэ не дасталі ўсіх людзей. Мы наведалі сяло Кіенка, што знаходзіцца каля Чарнігава. Мясцовая фельчарка расказала мне, што дзве бальніцы ў Кіенцы былі цалкам разбураныя, у мясцовай школе выбітыя вокны, у людзей няма ні святла, ні інтэрнэту. Людзі, якія дапамагаюць нам з гуманітаркай, просяць справаздачу па ёй, дык у Кіенцы нам прапанавалі напісаць справаздачу ад рукі, бо ў іх няма магчымасці нешта надрукаваць.

Ксенія Гладзенькая. Фота: nia_smooth / Instagram

Ксенія Гладзенькая. Фота: nia_smooth / Instagram

Ежу ў тым сяле гатуюць на вогнішчы ці ў старых печах, калі такія яшчэ захаваліся ў некага дома. Была ў падвале, дзе працуе гэтая фельчарка, туды да яе прыходзяць пацыенты, яна іх аглядае. І там вельмі сыра і холадна, думаю, мінусавая тэмпература, але ж там нават ложкі стаяць, то-бок дзяўчаты там спяць.

Для мяне самым страшным за тыя тры дні была гутарка з гэтай фельчаркай з Кіенкі і яе аповед пра тое, як на яе вачах у аднаго доктара трапіў снарад і яго разарвала на часткі. Калі яна расказвала гэта, яна так глядзела на мяне, нібыта ўсё яшчэ бачыць той момант перад сабой, і вельмі змагалася, каб не заплакаць. Гэта чалавек, які бачыў столькі смерцяў, і не мае нават часу на тое, каб пасумаваць па гэтых людзях, бо ёй трэба дапамагаць жывым.

У Кіенку не даязджае гуманітарка, бо спачатку дапамогу вязуць у Чарнігаў, але ж і ў Чарнігаве яе не хапае. Мне распавядалі, што за дзень да нашага прыезду ў адзін з чарнігаўскіх двароў прывозілі гуманітарку, і людзі біліся за прыгаршчы рысу.

Тут і далей — відэа з Чарнігава, прадастаўленае суразмоўцай

Што да самога Чарнігава, то разбурэнні там значныя. Напрыклад, калі снарад уляцеў у шматпавярховік, то дом апрыёры знаходзіцца ў аварыйным стане. Мы былі каля дзевяціпавярховага дома, дзе паверхі з 6 па 9 пачарнелыя, бо ў дом трапіў снарад. Частка дома проста вылецела наскрозь, і ўніз ад яе ідзе трэшчына амаль да першага паверха, то-бок дом можа абваліцца ў любы момант. І такіх дамоў шмат, шмат дзе выбітыя вокны або спаленая знешняя частка дома, ці на плоце або на доме дзіры ад асколкаў снарадаў. Асколкі ж таксама дужа небяспечныя, нават калі снарад не трапляе ў дом, асколкі прабіваюць сцены».

«Жанчына стаяла ў чарзе па гуманітарку сем гадзін»

«У Чарнігаве працуюць, можа, некалькі аптэк і крам, часам можна сустрэць працуючыя банкаматы, але ж там бываюць абмежаванні — напрыклад, нельга зняць больш за 500 ці 1000 грывен [56 ці 112 беларускіх рублёў]. З улікам таго, як там падскочылі цэны, 500 грывен — гэта амаль нічога, нават паўкіло тушонкі каштуе 130 грывен.

У горадзе не хапае лекаў, прычым звычайных, нават лекаў ад павышанага ціску ці для хворых на цукровы дыябет. Сустрэла дзяўчыну, якая атрымала хімічны апёк, дык яна не проста не можа звярнуцца ў шпіталь па лекі (бо іх там няма), яна нават не можа недзе гэтыя лекі набыць, у горадзе проста нічога няма.

Прадуктаў не хапае, іх прадаюць з вялікай нацэнкай. Бачыла, як у двух метрах ад машыны з бясплатнай гуманітаркай людзі прадаюць цукар па цане 50 грывен [5 беларускіх рублёў] за ўпакоўку, а крупы і муку прадаюць яшчэ даражэй. Кілаграм дужа своеасаблівага мяса з салам каштаваў там 250 грывен [28 рублёў], пачка чыпсаў — 65 грывен [7 рублёў]. Нават у Кіеве няма такіх цэн, тым больш у Чарнігаве, дзе ў людзей няма грошай.

Людзі выходзяць з падвалаў, у большасці з іх праблемы з верхнімі дыхальнымі шляхамі, бо ў падвалах не проста холадна і сыра, а яшчэ і ёсць цвіль. Я сама прасядзела 9 сутак у беларускай турме, дзе была цвіль на сценах, дык у мяне пасля вызвалення быў бранхіт, а людзі сядзяць у тых падвалах больш за месяц, і ніякіх лекаў у горадзе цяпер не купіць.

Паліцыю і ваенных я ў горадзе амаль не бачыла. Думаю, што цяпер усе яны перакінутыя ў месцы, дзе ідуць баі, або на КПП, але ж сам горад яны не патрулююць. Звычайныя людзі ў горадзе ёсць, праўда, пабачыць іх можна толькі тады, калі прывозяць гуманітарку. Жанчына з чаргі па дапамогу распавядала мне, што стаяла ў той чарзе 7 гадзін і была далёка не ўпэўненая, што ў выніку атрымае нейкую гуманітарку.

Неяк мы прывезлі ежы адной бабулі ў Чарнігаве, і яна папрасіла нас дапамагчы ёй адкрыць кансервы з гуманітаркі. Адкрываем — а там пах і выгляд французскага сыру, але ж гуманітарка не павінна быць такой! Добра, што мы гэта пабачылі і бабуля не з’ела тыя кансервы. Пыталіся, адкуль да яе трапіла сапсаваная гуманітарка, кажа — не ведае, нейкія людзі проста прыехалі і раздалі каробкі з «дапамогай».

Тая самая сапсаваная гуманітарка

Там жа яшчэ разбурылі мост, праз які раней можна было трапіць у горад. Калі мы туды заязджалі, на месцы моста ляжалі нейкія жалезныя пласціны, мы стаялі ў чарзе на праезд недзе гадзіну. У Чарнігаве амаль няма бензіну, але ж ён патрэбны для працы генератараў. У горадзе праблемы з сувяззю — яна ёсць толькі ў раёнах, дзе ёсць святло. А вось, напрыклад, у доме, дзе я пару дзён начавала, інтэрнэту зусім не было, мабільная сувязь працавала з перабоямі».

«Мясцовыя без сувязі не ведаюць, ці патрэбныя яны некаму»

«Людзі не хочуць з’язджаць з Чарнігава, бо гэта іх родны горад, іх радзіма. Чаму яны павінны з’язджаць? Няхай, як яны кажуць, сыходзяць рашысты.

Мясцовыя распавядалі мне, што яны не ведаюць, ці патрэбныя яны некаму. Без інтэрнэту і сувязі невядома, ці памятае нехта пра іх, ці прыйдуць іх выратоўваць. Адна дзяўчына мне расказала, што яны рабілі сабе ежу са свіной мукі — проста змешвалі яе з вадой і нешта гатавалі. Думаю, так яна называла муку нізкай якасці, магчыма, нешта, чым кормяць жывёл.

Што да часу ў аблозе, людзі расказвалі, як яны сядзелі ў сховішчах. Нехта наадварот адмаўляўся туды ісці. Сустрэла мілую-мілую бабулю, якая не пайшла ў сховішча да сваёй дачкі, бо вырашыла нідзе не хавацца і, калі ёй ужо час паміраць, памерці дома. Чула гісторыі пра пыл у бункерах, пра тое, як там не было чым дыхаць.

Бачыла таксама хлопцаў, што былі ў рускім палоне. Спытала ў іх, ці могуць яны распавесці свае гісторыі на відэа, дык яны адразу ж закрыліся. Сказалі, што рускія салдаты ведаюць іх адрасы і яны, тыя жыхары, не хочуць, каб па іх зноў прыйшлі.

Усе, з кім бы я ні гутарыла, паўтараюць адну і тую ж фразу: самае страшнае — гэта калі ляціць самалёт, бо ты не ведаеш, куды ўпадзе бомба. Дзякуй богу, я сама ніколі не чула, як лятуць гэтыя ваенныя самалёты. Спадзяюся, мы ніколі не будзем такое перажываць — сітуацыю, калі ад цябе не залежыць, памрэш ты або не.

Жыхары Чарнігава і прыгарадаў расказвалі пра рускіх рознае. Але, думаю, агульным было іх нежаданне адносіць усю нацыю толькі на дрэнных і на добрых. Людзі з прыгарадаў, куды паспелі зайсці рускія, казалі, што былі сярод іх і больш адэкватныя, і тыя, хто не павінен звацца людзьмі. Але ж у сітуацыі, калі навокал вельмі жорстка распраўляюцца з людзьмі, жыхары радуюцца ўжо таму, што іх не забілі і што ў іх не знеслі з дому ўсю ежу.

Некаторыя ўкраінцы спрабуюць апраўдваць рускіх — маўляў, ім загадалі, самі яны, можа, не пачалі б гэтага рабіць. Яны распавядалі, як рускія ў канцы лютага ці на пачатку сакавіка завезлі ў адно з сёл гуманітарку, але ж украінцы яе не елі. Казалі: буду галадаць, але гэта есці не буду, шмат хто думаў, што ў тую ежу нешта намяшалі.

У мяне захоўваецца меркаванне, што тое, што тут адбываецца — гэта не вайна Расіі супраць Украіны, гэта барацьба дыктатуры супраць дэмакратыі, і Украіна змагаецца за ўсіх нас. Таму мы павінны дапамагаць ёй, наколькі гэта магчыма. Падзе крамлёўскі рэжым — аўтаматам падзе і беларускі».

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

«Краматорск — гэта горад, дзе яны хочуць замкнуць кола». Ваенны эксперт — пра тактыку наступлення расійскіх войскаў у найбліжэйшыя дні

«Шмат параненых, з адарванымі канечнасцямі». Вось што расказала маці марака з крэйсера «Масква», які выжыў

Клас
5
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
16
Абуральна
2