Паводле двух буйных даследаванняў, праведзеных у Канадзе і Швецыі, людзі, якіх аперуюць жанчыны-хірургі, радзей сутыкаюцца з ускладненнямі і маюць патрэбу ў наступным доглядзе, чым калі скальпель выкарыстоўваюць мужчыны.

Даследчыкі вывучаюць патэнцыйныя прычыны адрозненняў, але запісы сведчаць пра тое, што жанчыны-хірургі звычайна аперуюць павольней і могуць дасягнуць лепшых вынікаў, бо не спяшаюцца ў аперацыйнай.

Доктар Крыстафер Уоліс, які кіраваў даследаваннем у бальніцы Маўнт-Сінай у Таронта, сказаў, што вынікі павінны заахвоціць хірургаў-мужчын задумацца пра свой падыход да хірургіі і вучыцца ў калег-жанчын дзеля карысці сваіх пацыентаў.

Каманда Уоліса вывучыла медыцынскія ўскладненні, паўторную шпіталізацыю і ўзровень смяротнасці пасля аперацый амаль у 1,2 мільёна пацыентаў у Антарыа ў перыяд з 2007 па 2019 год. Запісы ўключалі 25 розных хірургічных працэдур на сэрцы, мозгу, костках, органах і крывяносных сасудах.

Аналіз, апублікаваны ў часопісе Jama Surgery, паказаў, што праз 90 дзён пасля аперацыі ў 13,9% пацыентаў, якіх лячыў хірург-мужчына, назіраліся «неспрыяльныя пасляаперацыйныя падзеі» — усёахопны тэрмін, які ўключае смерць і медыцынскія ўскладненні — ад праблем, якія патрабуюць далейшага хірургічнага ўмяшання, да сур'ёзных інфекцый, сардэчных прыступаў і інсультаў. Эквівалентны паказчык для пацыентаў, якіх аперыравалі хірургі-жанчыны, склаў 12,5%.

Пацыенты, якія трапілі да лекараў-жанчын, праз год пасля аперацыі адчувалі сябе лепш: неспрыяльныя пасляаперацыйныя падзеі назіраліся ў 20,7% — у параўнанні з 25% пацыентаў, якіх аперавалі мужчыны. Калі лекары ацанілі выключна смяротнасць пасля аперацыі, розніца аказалася яшчэ большай: у пацыентаў, якіх лячылі хірургі-мужчыны, імавернасць памерці праз год пасля аперацыі была на 25% вышэйшая, чым у тых, каго лячылі хірургі-жанчыны.

Другое даследаванне 150 тысяч пацыентаў у Швецыі, таксама апублікаванае ў часопісе Jama Surgery, малюе падобную карціну. Доктар Май Блом і яе калегі з Каралінскага інстытута ў Стакгольме прааналізавалі вынікі лячэння пацыентаў пасля аперацыі па выдаленні жоўцевага пузыра. Яны выявілі, што пацыенты, якіх лячылі жанчыны-хірургі, пакутавалі ад меншай колькасці ўскладненняў і не так доўга ляжалі ў бальніцы, чым тыя, каго лячылі мужчыны.

Жанчыны-хірургі дзейнічалі павольней, чым іх калегі-мужчыны, і радзей пераходзілі падчас аперацыі ад лапараскапіі да адкрытай аперацыі.

Блом адзначае, што, як і ва ўсіх назіральных даследаваннях, да вынікаў варта ставіцца з асцярожнасцю, але атрыманыя даныя дазваляюць выказаць здагадку, што хірургічная тэхніка і схільнасць да рызыкі могуць часткова растлумачыць заўважаныя адрозненні.

«У некаторых краінах распаўсюджана меркаванне, што хірургі-мужчыны пераўзыходзяць хірургаў-жанчын», — кажа Май Блом. «Цікава, што большасць раней апублікаваных даследаванняў сведчыць, што жанчыны-хірургі, прынамсі, такія ж добрыя, як і мужчыны-хірургі, або, як у прыведзеным выпадку, нават трохі лепшыя».

На думку доктара Уоліса, акрамя прыцягнення большай колькасці жанчын да хірургіі, трэба больш прасоўваць іх на ўплывовыя пазіцыі. «Ёсць шмат даных, што ў нас ёсць так званы «дзіравы трубаправод», у выніку якога колькасць жанчын на кіроўных пасадах меншае».

У суправаджальным рэдакцыйным артыкуле прафесар Марцін Альмквіст з універсітэцкай бальніцы Сконэ ў Швецыі піша:

«Той факт, што жанчыны-хірургі праводзілі аперацыі з меншай колькасцю ўскладненняў, але рабілі гэта больш працяглы час, дазваляе выказаць здагадку, што мантра марскіх пехацінцаў «Павольна — гэта плаўна, а плаўна — гэта хутка» гэтак жа працуе і ў аперацыйнай».

Некаторыя лекары звярнулі ўвагу і на тое, што даследаванне не бясхібнае, бо пад увагу ў поўнай меры не прымалася складанасць выпадку.

Чытайце таксама:

Вучоныя абвяргаюць многія правілы здаровага ладу жыцця, якія здаваліся аксіёмамі

Псіхічныя разлады ў бацькоў могуць павялічыць рызыку заўчасных родаў — новае даследаванне

Блогер Блішч: «Найвялікшая дурасць, якую прыдумалі міленіялы, — выгаранне». Яму адказалі

Дзе ў Мінску можна здаць лекі са скончаным тэрмінам прыдатнасці

Клас
9
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
1