Спецыяльны карэспандэнт «Звязды» трапіў у аўтобус з заўзятарамi галоўнага беларускага хакейнага клуба — мiнскага «Дынама».

За два днi фанацкага жыцця карэспандэнт шукаў адказы на папулярныя пытаннi: цi б’юцца памiж сабой прыхiльнiкi розных клубаў, цi напiваюцца фанаты да стану галюцынацый i цi навучылiся беларусы хварэць за сваю каманду на роднай мове?

Многiя чулi пра хулiганскiя выбрыкi спартыўных фанатаў, ды мала хто паспытаў гэтага экзатычнага жыцця. I мне грэх было адмовiцца ад спакусы выправiцца ў сапраўдны фанацкi выезд «на Маскву», дзе наша мiнскае «Дынама» змагалася з легендарным ЦСКА (9 студзеня).

Клуб выдзелiў для фанатаў i заўзятараў цэлы чартарны аўтобус i сплацiў за яго большую частку грошай. Вось гэта стаўленне да фанатаў! Мы скiнулiся ўсяго па 40 500 беларускiх рублёў i вечарам у мiнулую пятнiцу сабралiся каля Палаца спорту ў стане поўнай баявой гатоўнасцi.

Скажу адразу, што фанаты i заўзятары хакейнага «Дынама» — гэта такi стракаты народ, што з усiх, хто сабраўся, можна было арганiзаваць кастынг на тэлешоу «Дом‑4».

Тут табе i заводскiя рабацягi, i рэспектабельныя бiзнэсоўцы, i лайдакi, i студэнты, i выкладчыкi ВНУ — усе вельмi розныя. Нават цiкавыя з выгляду дзяўчаты прыбылi хварэць за галоўны беларускi клуб.

Аўтобус, калi ўсiх шчыльна туды пасадзiлi, пераўтварыўся ў асобную карнавальную планету. Такога, перакананы, не пабачыш нават у Рыа‑дэ‑Жанэйра. Як толькi транспарт скрануўся з месца, я апынуўся нiбы ў iншым, прыгоднiцкiм жыццi.

«Вось гэтым вось кулаком адразу паклаў двух…»

Ходзяць чуткi, што спартыўныя заўзятары, у асаблiвасцi футбольныя i хакейныя, жлукцяць гарэлку цыстэрнамi. Таму i я прыхапiў з сабой у аўтобус пляшку беларускай крамбамбулi.

Бутэлькi i кiлiшкi зазвiнелi адразу ж — «за роднае «Дынама», «за Бацькаўшчыну» i гэтак далей. Хоць за ўсю дарогу нiхто так i не нажлукцiўся да парасячага вiскату, не стаў чапiцца да дзяўчат i чынiць пагромы. Вiдаць, таму, што хакейныя заўзятары — людзi збольшага дарослыя i адэкватныя.

— Але як не кульнуць сто грамаў у фанацкiм аўтобусе? Раз у месяц ад жонкi вырываюся, яна ад хакея не фанацее, — разважаў заўзятар Косця, падымаючы тост «за каханне».

«Падагрэўшыся», мужыкi пачалi расказваць свае заўзятарскiя гiсторыi. Такiя, што хоць кiно здымай.

— Гэта было ў Шатландыi. У iхных аэрапортах цябе да трусоў правераць, каб не правёз бомбу, — распачаў гаману заўзятар Сяргей. — I тут на гэты кантроль прыйшоў я. Пытаюцца па‑англiйску: «Адкуль ты?» Я i кажу: «З Беларусi!» Яны ўсмiхнулiся i прапускаюць мяне без усялякiх кантроляў, прыгаворваючы з усмешкай «Беларусь, Беларусь». Выходзiць, калi б я быў Усамам бiн Ладэнам, то мог бы ўсё там разбамбiць.

Тосты працягвалiся, i ў маiх грудзях, маёй галаве рабiлася ўсё цяплей i цяплей. Аўтобус пад акампанемент фанацкiх гiсторый пераўтвараўся ў кiно фармату 3D.

— Калi нашыя гулялi з Англiяй i мы выпiлi з Косцем на дваiх бочку вiскi,

то здарылася наступнае, — перахапiў эстафету фанат Васiль. — Выходзiм з iхнага метро — а там чалавек дваццаць англiйскiх фанатаў пруць на нас. I мы прынялi бой. Вось гэтым вось кулаком з першага ўдару паклаў двух. Што далей было, не памятаю. Прачнуўся ў гатэлi — нiводнай гематомы на целе. Нашы тады прайгралi, але мы даведалiся, што ў той жа дзень перамог наш хакейны клуб. Цяпер у тамтэйшым метро ёсць яскравыя надпiсы на нашай мове.

Васiлёва гiсторыя была апошняй з тых, што я чуў, гучала яна, як калыханачка. Пад яе акампанемент я соладка заснуў. Апошняе, што паспеў заўважыць, — гэта лiчбы «00:57» на аўтобусным гадзiннiку.

Чаму парушаеце грамадскi парадак?»

Прачнуўся я пад гучнае «Дынама! Дынама! Дынама!», якое заўзятары ва ўсё горла спявалi тэнарамi, басамi i барытонамi. На гадзiннiку было «03:30». I толькi праз гадзiну сiлы скончылiся нават у самых актыўных — соладка захроп увесь аўтобус.

Другi раз я пралупiў вочы ўжо ў заснежанай зiмовай Маскве, прыкладна каля дзесяцi гадзiн ранiцы. Аўтобус якраз паркаваўся каля арэны «ЦСКА». Заўзятары i фанаты павольна выпаўзалi з аўтобуса (як мядзведзi з бярлога пасля зiмовай спячкi), каб увечары з узноўленымi сiламi горача падтрымаць улюбёную каманду. Адразу ж купiлi сабе квiткi на гасцявы сектар за 150 расiйскiх рублёў кожны (каля 14 тысяч беларускiх рублёў). I пабрылi кампанiямi глядзець залатыя купалы Масквы. Пры гэтым апранулi майкi нашага хакейнага клуба i начапiлi фiрмовыя дынамаўскiя шалiкi.

— Глядзiце, вось тут у маўзалеi ляжыць Ленiн,

а вось да гэтых сценаў маскоўскага Крамля ў 14 стагоддзi падышло войска нашага князя Альгерда. Мы дзiдамi да гэтых сценаў дакраналiся!

— гучна праводзiў экскурсiю Косця. — Трэба i зараз паказаць тут, у Маскве, нашу беларускую моц.

Я прапанаваў паказаць моц на трыбунах хакейнага палаца, але заўзятары, дайшоўшы да Лобнага месца i сабора Васiля Блажэннага, пачалi выкрыкваць пра Беларусь гучныя лозунгi.

Тут i пад’ехала мiлiцэйская «Лада».

— Вашы дакументы! Хто вы, фанаты? Чаму парушаеце грамадскi парадак? — выбег з машыны строгi мiлiцыянер якуцкай знешнасцi.

Тады заўзятар Косця, а ён лiчыцца вялiкiм дыпламатам, сказаў:

— Мы з Беларусi, не ведалi пра тое, што ў вас тут крычаць нельга. Клянёмся, што больш не будзем. А яшчэ ў вас такая цудоўная форма, лепшай няма нiдзе ў свеце.

— А‑а‑а, вы з Беларусi, — палагаднеў мiлiцыянер i аддаў пашпарты. — У сябе дома будзеце крычаць!

Мы накiравалiся ў маскоўскi ГУМ, побач з якiм яшчэ трошкi пакрычалi, потым — да кавярнi фаст‑фуду, дзе выпiлi па келiху пiва i паабедалi. Пасля зазiрнулi ў яшчэ адзiн бар, дзе ад цяжару нашых пухавiкоў i палiто павалiлася i разламалася стацыянарная драўляная вешалка.

Пасля гэтага мы накiравалiся да лядовага палаца. Туды ж, падазрона паглядаючы на нашы фанацкiя шалiкi, цягнулiся «конi» — фанаты ЦСКА. У паветры запахла пагрозай.

«Калi нашы перамогуць, саcтрыгу сваю рыжую касу!»

Кожны з нас чуў пра звар’яцелых спартыўных фанатаў, якiя б’юцца адно з адным, пераварочваюць аўтамабiлi, кiдаюцца пластыкавымi сядзеннямi i нават забiваюць. Я перад выездам у Маскву тыдзень адцiскаўся ад падлогi, падымаў гантэлi i бiў па баксёрскай грушы — рыхтаваўся да сустрэчы з агрэсiўнымi маскоўскiмi фанатамi.

Высветлiлася, што ў хакеi ўсё па‑iншаму.

— Хакейныя заўзятары — народ дружалюбны, усе падымаюцца на трыбуны адным скопам, а канфлiкты здараюцца надзвычай рэдка, — тлумачыў Сяргей, ён шмат папаездзiў па свеце разам з нашымi камандамi. — Хакеiсты на лёдзе б’юцца куды часцей…

Не скажу, што з заўзятарамi ЦСКА мы абдымалiся, але хадзiлi ў адныя чэргi па пiражкi i стаялi ў суседнiх пiсуарах. I нiхто нiкога не чапляў.

Арэна клуба ЦСКА, якая змяшчае 5500 чалавек, не была забiтая. На хакей прыйшло каля 3000 чалавек. Але наш мiнскi фанацкi дэсант, якi дапоўнiўся некалькiмi беларусамi Масквы, даваў жыцця.

— Толькi Мiнск i толькi «Дынама»! — лямантавалi мы апантана за сваю каманду. — Самы любiмы, клуб бела‑сiнi! — пафасна зацягвалi — «Дынама», «Дынама»! Сухая наша брама!

Разбушавалiся нават дзяўчаты.

— Калi нашы перамогуць, я састрыгу сваю рыжую касу, — паклялася ў перапынку памiж першым i трэцiм перыядамi заўзятарка Iнга. Дзяўчына на працягу ўсяго матчу махала сiня‑белым сцягам з выявай беларускага зубра. Каб нашы дзеўкi з гэткiм жа iмпэтам паляпшалi дэмаграфiчную сiтуацыю, то праз нейкi час мы перагналi б Кiтай.

Трэба сказаць, што многiя з прыхiльнiкаў хакейнага «Дынама» людзi беларускамоўныя.

Нiдзе раней у Беларусi я не сустракаў больш лiберальных заўзятараў. На адной трыбуне сабралiся людзi розных палiтычных поглядаў, якiя размаўлялi на розных мовах (беларускай i рускай), але ўсё гэта не перашкаджала ўсiм разам аддана хварэць за сваю каманду.

— Хочам! Можам! Пераможам! — пераходзiлi час ад часу заўзятары на родную беларускую мову.

I хоць у матчы з ЦСКА мы прайгралi з лiкам 1:2, хоць наша «Дынама» на момант выхаду гэтага матэрыялу ў друк займала другое месца з канца ў заходняй канферэнцыi чэмпiянату КХЛ, мы яшчэ захоўваем шанц на выхад у плэй‑оф (Кубак Гагарына).

Таму ў чацвер, 14 студзеня, усiх запрашаем у Мінск-Арэну, дзе «Дынама» згуляе з лiдарам чэмпiянату — магнiтагорскiм «Металургам».
Перамога нам сапраўды неабходная, таму i падтрымка заўзятараў патрэбна шалёная.

…У Мiнск мы вярталiся амаль безгалосыя, але шчаслiвыя.

— Тэлефанавалi з Мiнска сябры, сказалi, што па тэлебачаннi нас глядзелi, — паведамiў Сяргей. — I нават на Бацькаўшчыне ўсе чулi наша гучнае «Дынама! Дынама!»

Гарэлку ў аўтобусе ўжо амаль нiхто не пiў.

Праз дзень па прыездзе многiя сядуць за руль аўтамабiляў, надзенуць гарнiтуры i рушаць на працу.

Ды ў хуткiм часе зноўку прыйдуць на трыбуны хварэць за сваю каманду.

Чаму варта з гонарам «хварэць» за хакейнае «Дынама»?

Многiя нашы спартыўныя заўзятары адмаўляюцца хадзiць на матчы мiнскага «Дынама». Перш‑наперш з‑за назвы клуба. «Дынама» з даўнiх часоў лiчылася камандай мiлiцэйскай, выступала пад сцягамi сiлавiкоў. I не кожнаму спартыўнаму прыхiльнiку гэта даспадобы.

Але хакейнае «Дынама» — гэта перш‑наперш адзiны беларускi клуб, якi гуляе ў кантынентальнай хакейнай лiзе (КХЛ).

Лiга гэтая па сваiм узроўнi саступае толькi амерыканска‑канадскай НХЛ. Па‑другое, часы змянiлiся, i цяпер хакейны клуб «Дынама» далёкi ад сiлавiкоў. Галоўная рыжская каманда таксама называецца «Дынама». Але гэта нiкому не перашкаджае, на хатнiя матчы стабiльна прыходзiць 10 000 латышоў.

Далучыцца да руху прыхiльнiкаў хакейнага «Дынама» можна праз сайт hcdinamo.by.

Шукайце там форум заўзятараў i фанатаў, дзе выкладаецца ўся актуальная iнфармацыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?