У Адміністрацыю прэзідэнта, паводле інфармацыі Naviny.by, унесены праект указу, які ўсталёўвае новыя стаўкі акцызу на піва. У выпадку яго прыняцця цэны на піва ў наступным годзе будуць падымацца кожныя тры месяцы і рухацца да расійскага ўзроўню. Колькі піва па новых цэнах змогуць купляць беларусы?

Акцыз будзе расійскім, а заробкі — беларускімі

Падпісаўшы пагадненне аб атрыманні крэдыту ад Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, Беларусь узяла на сябе шэраг абавязанняў. У тым ліку па захадах, скіраваных на «гарманізацыю акцызаў на алкагольную прадукцыю і тытунёвыя вырабы ў межах Мытнага саюза».

«Гарманізацыя» акцызаў ужо прывяла да таго, што піва ў другой палове 2011-га пастаянна даражэла. Нагадаем, што з 1 верасня акцыз быў павялічаны з 360 да 1000 рублёў за літр, а з лістапада — да 1330 рублёў за літр. Такім чынам, стаўка піўнога акцызу вырасла ў чатыры разы.

Беларускі бок збіраецца працягваць «гарманізаваць» стаўкі акцызаў з расійскім узроўнем.

«У Адміністрацыю прэзідэнта ўнесены праект указа, які прадугледжвае павышэнне кожны квартал стаўкі акцызу на піва. Мяркуецца, што з 1 студзеня акцыз будзе павялічаны з цяперашніх 1330 да 1640 рублёў за літр, з 1 красавіка — да 1960 рублёў, з 1 ліпеня — да 2270 рублёў, з 1 кастрычніка — да 2580 рублёў», — паведаміў Naviny.by суразмоўца ў дзяржорганах.

Такім чынам, Мінфін, які з’яўляецца распрацоўшчыкам праекта ўказа, рухае стаўку акцызу да расійскага ўзроўню.

Беларускія півавары кажуць, што пасля інфляцыі і дэвальвацыі «рэнтабельнасць ужо не тая», і ўзваліць на свае плечы акцыз, які ў 2012 годзе будзе штоквартальна павышацца, вытворцы ячменнага напою не змогуць.

Павышэнне акцызу будзе аўтаматычна весці да росту цэнаў на піва.

Ва ўмовах, калі акцыз расце, а даходы насельніцтва зніжаюцца, вытворцам піва даводзіцца несці страты. Півавары прагназуюць, што далейшае павышэнне ставак акцыза будзе зніжаць фінансавае становішча вытворцаў.

Некаторыя вытворцы, паводле дадзеных Naviny.by, чакаюць, што ў наступным годзе продажы на піўным рынку знізяцца на 15%. Глебу для такіх прагнозаў стварае не толькі чаканы рост піўнога акцызу ў 2012 годзе. Існуюць і іншыя фактары, якія могуць пагоршыць перспектывы развіцця піўнога рынку.

Цяпер праходзіць публічнае абмеркаванне праекта тэхрэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы алкагольнай прадукцыі», якое будзе доўжыцца да 21 снежня. Цяперашні варыянт праекта тэхрэгламенту, мякка кажучы, не задавальняе вытворцаў піва.

Прычын тут галоўным чынам дзве.
Першая ў тым, праект тэхрэгламенту забараняе разліў піва ў абаротную бутэльку. Між тым, сёння траціна шклатары, якую выкарыстоўваюць півавары, прыпадае менавіта на такую бутэльку. Гэта эканамічна мэтазгодна: абаротная бутэлька абыходзіцца піваварам у тры разы танней, чым новая. Адпаведна, забарона на разліў піва ў абаротную тару павялічыць выдаткі півавараў.

Яшчэ адну пазіцыю праекта тэхрэгламенту можна назваць «забойнай» для беларускіх півавараў. Гаворка ідзе аб увядзенні забароны на разліў піва ў ПЭТ-тару. У выпадку прыняцця гэтай нормы на развіцці айчыннай піваварнай галіны можна будзе ставіць крыж.

Больш за 70% піва, якое прысутнічае сёння на беларускім рынку, рэалізуецца ў ПЭТ-тары. Адпаведна, забарона на разліў ячменнага напою ў ПЭТ-бутэлькі створыць нішу, якую давядзецца чымсьці займаць. Магутнасці ліній па разліве піва ў шкло абмежаваныя.

Сёлета праз інфляцыю і дэвальвацыю выдаткі півавараў на сыравіну рэзка павялічыліся. Цана шклотары вырасла ў два разы. Але звяртае на сябе ўвагу іншае. Цана беларускага соладу, што вырабляецца з беларускага (!) ячменю, вырасла з пачатку года ў тры (!) разы. Ва ўмовах, калі нават айчынны солад прывязаны да курсу даляра, чакаць, што піва будзе паводзіць сябе інакш, не даводзіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?