Знайсці
20.11.2014 / 13:403РусŁacБел

Каляндар з унікальнай выявай «Пагоні»

Берасцеец Дзяніс Турчаняк стварыў каляндар на 2015 год з унікальнай выявай «Пагоні». Спадар Дзяніс падзяліўся тэхнічнымі, гістарычнымі і нават некаторымі ідэалагічнымі цікавосткамі праекта.

«Даўно была ідэя стварыць каляндар з якой-небудзь не распаўсюджанай выявай герба «Пагоня», – распавядае «Будзьме» грамадскі актывіст Дзяніс Турчаняк.

Гэтая гравюра – з маёй прыватнай калекцыі. Знайшоў яе на польскім аўкцыёне. Тады вырашыў пашукаць у інтэрнэце, адкуль яна, а таксама якасную выяву для друку. Бо для стварэння календара, вядома, нашмат прасцей выкарыстоўваць не арыгінал, а малюнак, паводле якога яна была створаная. Выявілася, што пра гравюру ў сеціве няма ніякай інфармацыі. Пра якасную выяву, адпаведна, і казаць няма чаго».

Пасля доўгіх пошукаў, якімі зацікавіўся ўжо не толькі спадар Дзяніс, выява з подпісам «Wlasciwy herb litewski» была знойдзена ў кнізе «Zrzodlopisma Do Dziejow Unii Korony Polskiej I W. Ksiestwa Litewskiego»:

«Але тут зноў незадача. Гравюра, якую набыў я, такога подпісу не мае. Аркуш з яе выявай хоць і таксама быў выразаны з кнігі, але з іншага боку. Таму, верагодна, існуе іншае выданне, знайсці якое я пакуль не магу.

Я быў бы вельмі ўсцешаны, калі хто-небудзь зацікавіцца і таксама зоймецца пошукам гэтага выдання або малюнка. Можна нават сказаць, што гэта – адна з важных мэтаў стварэння календара і маіх чаканняў ад яго».

Пасля безвыніковых пошукаў лічбавай выявы спадар Дзяніс зразумеў, што адзінае выйсце – сканаванне гравюры, а гэта таксама справа не з простых:

«Гравюра ж насамрэч маленькая – 7 сантыметраў, а каляндар я хацеў зрабіць вялікі (фармат А2). Як адсканаваць? Фірму, якая займаецца прафесійнай падрыхтоўкай і сканаваннем выяваў такога кшталту, знайшоў толькі ў Польшчы. Пасля яшчэ аднаго падарожжа гравюра атрымала сваё лічбавае ўвасабленне».

Гравюра «Пагоні» – не адзінае цікавае, што ёсць у прыватнай калекцыі Дзяніса Турчаняка:

«У 2007 годзе я ўжо рэалізаваў падобны праект – выданне плана Берасця, які датуецца 1740 годам. Надрукаваў яго на італьянскай паперы, каб праца мела большую каштоўнасць і мастацкую вартасць. Каб яе не хацелася павесіць на «шпількі» і выкінуць праз год. Хацелася стварыць сямейны скарб, які будуць перадаваць бацькі дзецям.

У календара такой мэты няма, таму папера тут прасцейшая. Тым не менш гэта і не папера, на якой друкуюць звычайныя календары з коцікамі. Святы і працоўныя дні на ім пазначаныя паводле «ўзгодненага» афіцыйнага календара. То бок 25 сакавіка чырвоным вы тут, на жаль, не знойдзеце, але рабіў я гэта адмыслова – каб любы чалавек змог без праблем, блытаніны і лішніх пытанняў павесіць яго на сваім працоўным месцы».

Праца Дзяніса Турчаняка – не проста каляндар. Выкшталцонае афармленне, звышякасны друк і глянцавая папера ператвараюць яго ва ўнікальны, выбітны падарунак сабе, сябрам ці калегам да шматлікіх найбліжэйшых святаў! Каб атрымаць эксклюзіўны календар – пішыце спадару Дзянісу Турчаняку на [email protected].

budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031