Знайсці
10.06.2022 / 07:42РусŁacБел

Bloomberg: Еўракамісія плануе падтрымаць статус кандыдата ў ЕС для Украіны. Але гэтага недастаткова

Еўракамісія можа падтрымаць наданне Украіне статуса кандыдата на ўступленне ў Еўрасаюз, піша Forbes са спасылкай на агенцтва Bloomberg.

Атрыманне такога статуса — ключавы крок для Кіева на шляху да ўступлення ў ЕС. Аднак нават калі Еўракамісія ўхваліць наданне краіне гэтага статуса, яе рашэнне яшчэ павінны падтрымаць усе краіны ЕС.

Чакаецца, што Еўракамісія прыме сваё рашэнне 17 чэрвеня, удакладнілі крыніцы агенцтва Bloomberg.

Гэта было заяўлена і афіцыйна.

«Камітэт еўракамісараў правядзе сумесныя дэбаты ў панядзелак (13 чэрвеня) па гэтым пытанні. Выпрацуе меркаванне на нарадзе, якая адбудзецца ў пятніцу 17 чэрвеня», — заявіў афіцыйны прадстаўнік ЕС Эрык Мамер.

Лідары Еўрасаюза збіраюцца абмеркаваць гэтае пытанне ў Бруселі 23-24 чэрвеня. Паводле звестак агенцтва, шэраг краін выступілі супраць гэтага кроку. На іх думку, няправільна аддаваць перавагу Украіне перад іншымі кандыдатамі. Працэс уступлення ў ЕС уключае ў сябе шэраг крокаў і ўмоваў, выкананне якіх можа заняць больш за 10 гадоў, нагадвае агенцтва.

Супраць надання Украіне статуса кандыдата на ўступленне ў ЕС выступілі, у прыватнасці, Нідэрланды, паведамілі крыніцы агенцтва. Але большасць краін падтрымліваюць пазіцыю Еўракамісіі: Польшча, Літва і Ірландыя на сустрэчы амбасадараў ЭС папрасілі лідараў Еўрасаюза хутчэй надаць Украіне статус кандыдата, расказалі суразмоўцы агенцтва. Германія ж лічыць, што вынікам спрэчак можа стаць толькі ўмоўны статус кандыдата.

У дыпламатычнай ноце Данія заявіла, што Украіна не адпавядае крытэрыям, звязаным са стабільнасцю інстытутаў, якія гарантуюць дэмакратыю, вяршэнства закона, правы чалавека, павагу і абарону меншасцяў.

Капенгаген лічыць, што Украіна «ў цэлым знаходзіцца на вельмі ранняй стадыі» ў плане гатоўнасці ўзяць на сябе абавязацельствы па сяброўству ў ЕС і стварыць канкурэнтаздольную на адзіным рынку эканоміку.

Раней віцэ-прэм'ер Украіны Вольга Стэфанішына казала, што ўвогуле ёсць тры краіны, якія «не хочуць даваць зялёнае святло Украіне». Паводле яе слоў, гэта «не ўсходнееўрапейскія і не балтыйскія краіны».

Статус кандыдата, калі ён будзе нададзены, афіцыйна пачне працэдуру ўступлення ў ЕС. Дагэтуль апошняй краінай, якая далучылася да блока ў 2013 годзе, была Харватыя, і працэс разгляду яе заяўкі доўжыўся 10 гадоў.

8 чэрвеня заклікаў надаць Кіеву статус кандыдата на ўступленне ў ЕС Еўрапарламент.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера