Знайсці
19.03.2024 / 12:14РусŁacБел

Як змяніліся тэрміны і цэны на дастаўку грузаў з Еўропы ў Беларусь пасля закрыцця двух пунктаў пропуску?

Цэны на дастаўку растуць не толькі таму, што перавозчыкі хочуць кампенсаваць прастоі на мяжы — самі заказчыкі гатовыя плаціць больш, каб толькі тавар прыехаў хутчэй.

Фота: БелТА

Стаўкі выраслі прыблізна на 20%

Самыя вялікія чэргі на мяжы цяпер — на літоўскім кірунку. У абодвух пунктах пропуску сабралася па больш за 1100 вялікагрузаў, якія чакаюць уезду ў Літву.

Прыкладна столькі ж — на ўезд у Беларусь. Па звестках прадстаўнікоў літоўскай службы Дзяржаўнай памежнай аховы, на раніцу панядзелка да пункта «Мядзінінкай» (Каменны Лог) падышлі каля 1130 грузавікоў, а да пункта пропуску «Шальчынінкай» (Беняконі) — каля 1175 фур.

Па словах беларускага лагіста, перавозчыкі ўжо адрэагавалі на значны рост чэргаў.

«У параўнанні з сярэдзінай мінулага месяца, калі яшчэ працавалі «Прывалка» і «Катлоўка», стаўкі выраслі прыблізна на 20%», — кажа спецыяліст.

Суразмоўца не выключае, што гэта яшчэ не мяжа, бо цэны на дастаўку растуць не толькі таму, што перавозчыкі хочуць кампенсаваць прастоі на мяжы, але і праз тое, што самі заказчыкі гатовыя плаціць больш, каб толькі тавар прыехаў хутчэй.

Праз Польшчу — хутчэй

«Цяпер самы хуткі пераход гэта «Казловічы», але паціху і там чэргі выраслі, бо частка перавозчыкаў пераключылася з закрытых літоўскіх пунктаў пропуску на польскі і латвійскі. Там чэргі таксама выраслі», — дзеліцца лагіст.

Імпарцёр тавараў з Польшчы, які рэгулярна адпраўляе фуры з Беластока, кажа, што прынамсі для іх перавозчыкі цану не падвышалі. Час пераходу праз мяжу павялічыўся, але не значна.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Мы ўжо даволі даўно пераключыліся на «Казловічы», бо палякі афармляюць нашмат хутчэй, чым літоўцы. З Беластока да ТЛЦ у Беларусі за трое сутак. На круг у яго сыходзіць 7-8 дзён. У лютым ужо былі два такія рэйсы», — кажа імпарцёр.

Па стане на вечар панядзелка, выезду з Беларусі ў Польшчу чакала 300 фур. Гэта ў два разы менш, чым на латвійскім кірунку, і ў тры — чым на літоўскім.

Плюс 100 еўра за месца на аўтавозе

Буйны перавозчык, які спецыялізуецца на перавозцы аўто з літоўскай Клайпеды, кажа, што з тыдзень таму былі вымушаныя падняць стаўкі.

«За аўто цяпер бяром 750 еўра замест 650, а за матацыкл па 320 замест 280 ранейшых. Магчыма, цэны яшчэ крыху падрастуць, бо на праходжанне мяжы цяпер сыходзіць нашмат больш часу. Некалі на піку ў нас ужо былі стаўкі па 850 еўра за аўто і 350 за матацыклы», — кажа суразмоўца.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Пры гэтым перавозчык адзначае, што літаральна за некалькі дзён да з'яўлення навін пра намер закрыць яшчэ два пункты пропуску стаўкі за перавозку аўто былі зніжаныя з 700 да 650 еўра.

У дастаўцы бусамі свая спецыфіка

Яшчэ адзін перавозчык, які спецыялізуецца на дастаўцы грузаў бусамі, адзначае, што пасля закрыцця межаў падняў стаўкі на 20%.

«На бусах ёсць свая спецыфіка, бо часта даводзіцца ездзіць з перагрузкамі. З імі праехаць можна толькі праз Літву або Латвію, бо ў палякаў з гэтым строга. Калі ёсць перагруз, то без штрафу не праедзеш», — прызнаецца перавозчык.

З яго слоў, рост ставак — гэта не жаданне зарабіць больш на складанай сітуацыі, а спроба кампенсаваць узрослыя часовыя выдаткі.

У выніку ўзрослыя выдаткі на транспарціроўку будуць класціся на канчатковых спажыўцоў тавараў. Анансаваныя беларускім бокам контрсанкцыі ў дачыненні да Літвы ў адказ на закрыццё яшчэ двух пунктаў пропуску таксама могуць паўплываць на рост цэн на дастаўку тавараў, якія ішлі да нас праз Літву. Абмежаванні пачнуць дзейнічаць з 1 красавіка. Падрабязней можна прачытаць па спасылцы.

Чытайце таксама:

«Многія спадзяюцца на хуткае адкрыццё «Брузгоў». Што кажуць гродзенцы пра жыццё ў «аблозе»

Прэзідэнт Бяла-Падляскі не дазволіў фермерам заблакаваць дарогу ад мяжы з Беларуссю

Літва пастрожыла кантроль за збожжам з Беларусі і Расіі

Даніла Луцкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
3
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930